Навучы мяне жыць
12617 / 0
13.09.2017

«Тутэйшыя». Як навучыцца жыць (прэм’ера!)

Гурт «Тутэйшыя» прэзэнтуе на TuzinFM студыйную вэрсію песьні «Навучы мяне жыць», якая была запісаная па выніку адукацыйнай сэсіі для фіналістаў конкурсу «Засьпявай 4×4».

Дэма-варыянт песьні «Навучы мяне жыць» гурт «Тутэйшыя» даслаў на конкурс у акустычным варыянце. Твор адзначыла журы, і музыкі трапілі ў фінал. Але літаральна за некалькі дзён да пачатку навучальнай сэсіі «Засьпявай 4× лідэрка каманды Тацяна Казановіч пайшла на экспэрымэнт: выканаць яе ў іншым гуку. Мэнтар каманды Сяргей Доўгушаў дапамог ва ўдасканаленьні твору, папрацаваў з Тацянай і бэк-вакалісткай «Тутэйшых» Ксеніяй Юрэняй над пасылам, а таксама дапамог у пошуку новых інтанацыяў і стаўленьня да слова. «У сумеснай працы зь Сяргеем у нас атрымалася зрабіць песьню больш цікавай па структуры і па гуку», — заўважае Тацяна. Падчас запісу да «Тутэйшых» далучылася таксама скрыпачка гурту Vuraj Наста Папова.

Наста Папова, Сяргей Доўгушаў, Тацяна Казановіч (зьлева направа) пасьля сумеснага канцэрту ў межах конкурсу «Засьпявай 4×4»

«Гэта песьня пра дзяўчыну, якая доўгі час была самотнай, чакала каханьне, шчасьце, але калі яго атрымала, то для яе стала незразумелым: як зь ім цяпер жыць. Бо бывае так, што ад каханьня пачынаеш залежыць, існуе вялікая спакуса ў ім цалкам растварыцца, а гэта не разьвівае цябе як асобу, а хутчэй наадварот, спыняе разьвіцьцё», — так прадстаўляе сваю песьню яе аўтарка Тацяна Казановіч, вядомая таксама і як беларуская паэтка. Яе вершы друкаваліся ў часопісах «Верасень» і «Маладосьць».

 «Тутэйшыя» кажуць, што ім спадабалася ўдзельнічаць у конкурсе, цікавай і карыснай была навучальная сэсія. Тацяна асабліва вылучае для сябе заняткі па вакале. Конкурс «Засьпявай 4×4» прынёс музыкам шмат знаёмстваў і новых сустрэчаў з таленавітымі людзьмі.  У далейшым, гурт зьбіраецца дапрацаваць свой дэбютны альбом з улікам досьведу, атрыманага падчас удзелу ў гэтым праекце парталу TuzinFM і фонду «Вяртаньне». Сачыць за навінамі гурту можна праз афіцыйную суполку.

Тутэйшыя — Навучы мяне жыць (музыка і словы Тацяны Казановіч).

TuzinFM

Навучы мяне жыць, жыць на гэтай зямлі,

Як павінна ўсё быць, ты мне распавядзі,

Пакажы мне на знак: дзе спыніцца, дзе ісьці,

І які ўздымаць сьцяг, калі сіл не знайсьці.

 

Навучы мяне жыць, бо мне страшна цяпер,

Як сябе не згубіць і не забыцца ў табе?

Навучы мяне жыць, жыць на гэтай зямлі,

Як павінна ўсё быць ты мне распавядзі.

 

Раней іншай была, думала пра сябе,

І куды б ні пайшла, я была дзікі зьвер.

Усюды шчасьце шукаць — то ня мэта, а шлях,

Блукаць і блукаць з шэрым сумам у вачах.

 

Навучы мяне жыць, бо мне страшна цяпер,

Як сябе не згубіць і не забыцца ў табе,

Навучы мяне жыць, жыць на гэтай зямлі,

Як павінна ўсё быць ты мне распавядзі