Адчуй
5421 / 0
13.03.2017

Immerse. Калі на сэрцы вясна (аўдыё)

Менскі электронны поп-рок праект прэзэнтуе ў новым туры аўдыёчарту на Tuzin.fm сваю першую беларускамоўную кампазыцыю «Адчуй».

Беларускамоўны самотнік музыкі запісалі ўсьлед за сваім дэбютным EP «Horn». Але гісторыя песьні «Адчуй» пачалася яшчэ чатыры гады таму. Тады Вольга Заграюк, будучая вакалістка Immerse, напісала гэты твор і выконвала яго пад акустычную гітару. «Гэта была мая асабістая гісторыя, таму кампазыцыя гучала толькі ў коле блізкіх мне людзей», — распавядае сьпявачка. Вярнуцца да яе Вольга вырашыла ўжо сёлета, калі разам з паплечнікам па гурце Ўладзіславам Зыблюком запісала яе ў студыі. «Аранжыроўку, якую я зрабіў, ідэальна пасуе да матыву і настрою гэтай прыгожай вясновай кампазыцыі», — кажа Ўладзіслаў.

Праект Immerse паўстаў летась. Іх музыка ўяўляе зь сябе сумесь электронікі і поп-року. Вольга і Ўлад ганарацца тым, што выпрацавалі свой стыль удвох, бяз чыйсьці дапамогі. «Мы выдатна дапаўняем адно аднаго. Я някепска разьбіраюся ў тэхнічнай частцы, а ў Волі выдатны густ, прыемны незвычайны тэмбр голасу і выдатнае пачуцьцё таго, як трэба», — зазначае Ўлад. Ён кажа, што яны грунтоўна падыходзяць да кожнага свайго руху і нават ня тое, што песьні — фотасэсіі папярэдне рэпэтуюць. У іх куды болей песень і кліпаў, але паказаць яны вырашылі тое, у чым дакладна пэўныя. Сачыць за навінамі праекту можна празь іх суполкі ў FB і УК.

Песьня «Адчуй» возьме ўдзел у 10-м туры аўдыёчарту на Tuzin.fm.

Immerse — Адчуй (музыка і словы Вольгі Заграюк і Ўладзіслава Зыблюка). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Прыходзіць зіма

А пальцы агонь

У сэрцы вясна

Заўсёды я з табой

і твой супакой супакоіць мяне

супакоіць мяне твой

 

Прыпеў:

Адчуй мяне, адчуй далонь

Адчуй мяне, адчуй далонь

 

Прыходзіць вясна

Мінулі гады

У душы ўспаміны

У думках тыя дні

і погляд бы твой, супакоіў мяне

супакоіў мяне твой

 

Прыпеў:

Адчуй мяне, адчуй далонь

Адчуй мяне, адчуй далонь