Танец-фрык
7424 / 0
09.09.2016

Фёдар Жывалеўскі: «Навучыцеся заўважаць тых, хто сёньня жывы» (аўдыё)

З нагоды прэзэнтацыі сваёй новай песьні ў аўдыёчарце на Tuzin.fm лідэр гурта «Голая манашка» Фёдар Жывалеўскі разважае пра жывых і мёртвых паэтаў, клясыку і авангард, постны панк-рок і сучасную паэзію.

Зьвярнуўшы ўвагу на нейкую запатрабаванасьць у галіне сьпяванай паэзіі я ня мог не падумаць пра тое як моцна і што канкрэтна мяне раздражняе ў падыходзе да гэтай тэмы… Акадэмічныя творы зь беларускай клясыкі мяне ніколі не цікавілі настолькі, каб я мог казаць нібыта захапляюся менавіта паэзіяй і менавіта беларускай. Гэта тлумачыцца проста — зьнешне для звычайнага спажыўца ніякай альтэрнатывы і ніякай прагрэсіі ў літаратурным асяродзьдзі няма. Гэта тое, што мы бачым не ўглядаючыся, наўпрост. Назіраючы за «актыўнымі» аматарамі беларускай паэзіі можна згубіць жаданьне гэтай паэзіяй цікавіцца.

Сёньня беларускі авангард і літаратурны пэрформанс не прадстаўлены для шырокай беларускай аўдыторыі належным чынам, гэта маё асабістае меркаваньне. Наколькі ён, гэты авангард, варты, меркаваць можа кожны як лічыць патрэбным, але дакладна не ігнараваць гэтую зьяву.

Таму што ігнор гэта татальнае прызнаньне непаўнавартасьці. Я з гэтым ня згодны, таму і стварыў песьню на верш сучаснага беларускага паэта, дый такога, каторы проста выпадае з кантэксту інфармацыйнага адстойніку. Вішнёў гэта адзін з тых паэтаў, які займаецца паэзіяй не для атаясамленьня сябе зь нейкай прафэсіяй быць трапным творцам. Ён так жыве як піша, і піша тое чым жыве.

Я б мог стварыць песьню на вершы Альгерда Бахарэвіча, Ільлі Сіна, Юрыя Гумянюка (на верш якога сьпяваў яшчэ ў 1997 годзе) ды іншых… Гэтыя паэты для мяне такі ж самы постны панк-рок як і мая «Голая Манашка». Для мяне гэта сучасны культурны ўзровень, яго паказальнік. Што датычна больш сталай беларускай паэзіі, дык з гэтым праблем я ня маю і магу на гэтую тэму разважаць больш-менш кампэтэнтна. У дашкольным узросьце я наведваў гурток Максіма Багдановіча ў Горадні, яго вяла беларуская паэтка Данута Янаўна Бічэль-Загнетава. Першую сваю сьпяваную паэзію я рабіў на вершы Сяргея Новіка-Пяюна і Загнетавай, яны былі надрукаваныя у газэце «Ніва» і часопісе «Вясёлка». Цяпер для мяне наогул не актуальна займацца сьпяваньнем гэтых аўтараў.

Першыя песьні Фёдара Жывалеўскага на словы беларускіх паэтаў апублікаваныя ў часопісе «Вясёлка» (№9 за 1990 год) і ў газэце «Ніва» (10 красавіка 1989)

Магчыма і песьня на верш Зьмітра Вішнёва не была б створаная без узаемадзеяньня з Tuzin.fm. Першы крок зрабілі тыя, хто абвясьціў гэты конкурс. Другі крок — гэта мой, можна сказаць агітацыйны, можна сказаць адказ. Навучыцеся заўважаць тых, хто сёньня жывы і з каго гэтая нашая сучасная культура на нашых вачах складваецца. Вось што я жадаю сказаць гэтай песьняй.

Паслухаць песьню на Soundcloud

Голая манашка — Танец-фрык (музыка гурта, словы Зьмітра Вішнёва). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Фёдар Жывалеўскі, для Tuzin.fm

Канцэптуальны грыб

Галюцынагенны грыб

Амаль фантастычнае ЛСД

Слухаю музыку ДДТ

 

Давайце танчыць!

Давайце танчыць!

 

Грыб — гумовыя рыбы

Плястыкавыя рыфы

Віртуальны гамак

На дэсэрт — фэерычны мак

 

Давайце танчыць!

Давайце танчыць!

 

Канцэптуальны грыб

Гэта — у голаў штык

Гэта — файны штрых

Гэта — проста брык

Гэта — танец-фрык

Гэта — штонікі-штроксы

У кветачкі флёксы

 

Давайце танчыць!

Давайце танчыць!

 

Падаем на дно!

На самае самае самае

Сомам

Словам

 

У паветры волава сола

Слодыч грыбной мовы