TonqiXod&Тодар Кляшторны. Вяртаньне з забыцьця замест дэканструкцыі (прэм’ера!)
Гурт TonqiXod прэзэнтуе на TuzinFM песьню «Імчы, цягнік», напісаную паводле верша Тодара Кляшторнага для праекту «(Не)расстраляная паэзія».
«Імчы, цягнік» паўстаў зь верша Тодара Кляшторнага «Растратчык». Менавіта яго выбраў для выкананьня вакаліст каманды Ўладзь Лянкевіч як адпаведны духу гурту. Музыку і філёляга з адукацыі зачапіў дзіўны мікс прыгожай лірыкі з сацыяльнымі матывамі. Далей над тэкстам працавалі ўтрох. Апусьціўшы частку твору, дзе раскрываецца прычына ўнутранага стану галоўнага героя, TonqiXod пакінулі толькі ўласна само пачуцьцё трывогі ды роспачы, і дадалі сваёй фірмовай ноткі гістэрычнасьці. Клявішніку і другому вакалісту каманды Максіму Субачу дужа спадабалася мова Кляшторнага. Ён кажа, што гэтыя тэксты можна прымяняць у зарубах на тэму мілагучнасьці і мяккасьці беларускай мовы.
Уладзь Лянкевіч кажа, што беларуская культура — гэта штораз перарваная традыцыя. Штораз перарваная і адноўленая. Кожнае новае пакаленьне робіць тыя самыя адкрыцьці, хаця пэўныя рэчы даўным даўно мусілі стаць хрэстаматыйнымі і зрабіцца безумоўным фундамэнтам культуры. І напісанае (не)расстралянымі паэтамі можна аднесьці да такіх рэчаў. На іх тэксты маглі зрабіць рамансы і эстрадныя шлягеры ў 40—50-я, якія б потым сталі ўсенародна-застольнымі ды пасьпелі б абрыднуць. У такім выпадку, заўважае Ўладзь, давялося б займацца дэканструкцыяй сталай традыцыі, але на справе трэба творы 90-гадовай даўніны вяртаць з забыцьця. Міжваенныя гады наклалі свой адбітак на лёсы і сем’яў удзельнікаў TonqiXod — забраныя землі, невылечны страх. Брата прадзеда Максіма Субача расстралялі па абвіначваньні ў шпіянажы пасьля таго, як ён перабег з Заходняй Беларусі ў БССР, паверыўшы прапагандзе.
Што да паэта Тодара Кляшторнага, то дасьледчыкі яго вылучаюць найперш за яскравы талент і творчасьць, якая ня ўпісвалася ў межы савецкай літаратуры. Гэта добра ілюструе пэўна самы вядомы радок зь ягонай паэзіі: «Ходзім мы пад месяцам высокім, а яшчэ — пад ДПУ» (ранейшая назва КДБ — заўвага TuzinFM), — напісаў ён яшчэ да пачатку масавых рэпрэсіяў у паэме «Калі асядае муць». А вось у гэтым радках — праява той самай індывідуальнасьці: «Я адзін… Мо за гэтым і горна/Але што?! Хіба сьвет у акне?!/Не журыся, таварыш Кляшторны, /Не рыдай аб далёкай вясьне./Не рыдай!../Там пад месяцам недзе, /Дзе склікаецца тайна начэй,/У гаі беларускую лэдзі/Аклікае паэт-салавей». Падрабязьней пра жыцьцё і творчасьць Тодара Кляшторнага распавёў Андрэй Хадановіч на адкрытай лекцыі праекту «(Не) расстраляная паэзія» 16 лістапада ў кнігарні «Логвінаў».
Песьня «Імчы, цягнік» возьме ўдзел у адмысловым туры аўдыёчарту на TuzinFM — першым у сэзоне 2017/2018.
TonqiXod — Імчы, цягнік (музыка гурту, словы Тодара Кляшторнага).
TuzinFM
Скрозь электрычныя агні
Цягнік на поўдзень мераў мілі…
А восень прала туманы
Ды ткала жоўтыя тканіны.
Агульнай ростані імпэт
Пераганяў начныя цені…
Праз вокны кожнага купэ
Глядзелі розныя імкненьні.
Адзін пакінуў дзесьці грым,
Другі — сямейныя клапоты,
А трэці вёз у дальні Крым
Свае няшчасныя сухоты.
Яму так дораг наш пэйзаж
І колер восеньскіх настурцый…
…Сухоты здаў бы ў багаж,
Каб да кагосьці зноў вярнуцца.
І нават сонныя агні
Яго тугою затужылі…
Аб розных дзівах на зямлі
Тут разважалі пасажыры.
Па рэйках стомлены імпэт
Пераганяў уласны стукат…
І толькі нейкае купэ
Хавала нейчы чорны смутак.
Забыўшы нават слодыч сна,
Там нехта хмуры, як магіла,
Стаяў ля чорнага акна
З тугой і дзікаю агідай.
Пад мерны лязгат,
Мерны стук,
Пад перазвоны рэек звонкіх
Яму здалося:
Пара рук
Да шыбы шкла прыстала звонку.
Ён адхіснуўся ад акна,
А потым доўга хмурыў бровы,
Што ўласных пальцаў не пазнаў
На шкле таемны адлюстровак…
Хоць ноч халодная маўчыць,
А ўсё ж дрыжаць яго калені.
— Няўжо няможна ўцячы
Ад чорных думак і сумленьня?!
Імчы цягнік, імчы хутчэй…
Імчы, цягнік, імчы хутчэй…
Імчы, цягнік, імчы хутчэй…
(1929)
КАМЕНТАВАЦЬ