Дубрава
5917 / 0
31.01.2019

Роднае карэньне Dee Tree (аўдыё/відэа)

Гурт Dee Tree прэзэнтуе ў аўдыёчарце свой першы беларускамоўны трэк «Дубрава», запісаны ўжывую ў студыі Belsat Music Live.

Вакалістка гурта Валерыя Дэле называе гісторыю песьні «Дубрава» спалучэньнем натхненьня і выпадковасьці. «У мяне з даўніх часоў быў у памяці тэкст народнай песьні, у якой вельмі глыбока і мэтафарычна апісваўся жаль растаньня зь нечым вельмі дарагім. І аднойчы на рэпэтыцыі нашай джэмавай суполкі BY Soulfam Юра Зьвераў проста зайграў драм-н-бас біт і час для гэтага тэксту прыйшоў». Празь некалькі дзён удзельнік суполкі Максім Карпенка дадаў да народнага тэксту яшчэ куплет ад сябе і ўсім астатнім прыйшліся даспадобы гэтыя словы, таму вырашана было дадаць у канчатковую вэрсію песьні.

«Дубрава» апынулася і ў рэпэртуары гурта Dee Tree, у які акурат уваходзяць удзельнікі BY Soulfam. Упершыню пад запіс яна прагучала ў праграме Belsat Music Live.

Глядзець цалкам #BML з Dee Tree

З моманту запісу гэтае песьні, у гурце адбыліся зьмены — прыйшоў новы гітарыст Яўген Кунічкін, а таксама далучыўся клявішнік Канстанцін Гарачы. Сёлета музыкі зьбіраюцца прэзэнтаваць дэбютны альбом. Пры канцы 2018 году ў іх выйшаў першы самотнік зь яго — «Dont Play», які адразу трапіў на складанку лэйбла Івана Дорна «Masterskaya». Больш навінаў ад гурта — у афіцыйнай суполцы.

Dee Tree — Дубрава (музыка гурта, словы народныя і Максіма Карпенкі)

TuzinFM

Дубравушка ды зялёная

ўсю восень шумела.

Ах, лёлюшкі ды палёлюшкі,

усю восень шумела.

 

Усю восень дубрава шумела

Зь лістом гаварыла:

Ах, лёлюшкі ды палёлюшкі,

Зь лістом гаварыла.

 

Лісточак мой, зялёненькі,

Будзе нам разлука.

Ах, лёлюшкі ды палёлюшкі,

Будзе нам разлука.

 

Разлучаць жа нас з табою

Сьнягі ды марозы.

Ах, лёлюшкі ды палёлюшкі,

Сьнягі ды марозы.

 

Падымі ўгару сваё вока

І ты будзеш ізноў як дзіця.

І адыдуць, адлынуць далёка

Ад душы ўсе трывогі жыцьця