«Ілюжан». Прамовіць галоўнае (аўдыё)
Гурт «Ілюжан» прадстаўляе ў новым туры аўдыёчарту на Tuzin.fm песьню «Маценька», якую прадстаўляюць як унутраны дыялёг, прамоўлены двума галасамі — дзіцячым і дарослым.
Кампазыцыю «Маценька» гурт «Ілюжан» падрыхтаваў адмыслова для свайго альбому «Ці чуеш», які пабачыў сьвет пры канцы 2015-га. Упершыню музыкі сыгралі яе поўным складам на прэзэнтацыі гэтага дыску на пару месяцаў раней, аднак песьні гэтай ужо ля 10 гадоў. У 2006 годзе яе выконваў гурт «Плынь», у склад якога тады ўваходзіла вакалістка Кацярына Аліхвер. У цяперашняй вэрсіі яна гучыць зусім інакш.
«Гэтая песьня, па сутнасьці, унутраны дыялёг. Адзін голас у нас дзіцячы, другі — дарослы. Матулін, — кажа аўтарка. — Часта здараецца, што мы шмат хочам сказаць камусьці блізкаму, падзяліцца набалелым ці ўсьцешыць яго, але галоўнае губляюцца недзе на шляху да суразмоўцы, застаецца між радкоў. Мы паспрабавалі перадаць гэтае „міжрадкоўе“ ў сваёй кампазыцыі».
Менавіта песьню «Маценька» музыкі прапанавалі ў аўдыёчарт на Tuzin.fm. Яна бярэ ўдзел у галасаваньні з 9-га туру. Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйную суполку.
Ілюжан — Маценька (музыка Сяргея Харашкевіча, словы Кацярыны Аліхвер). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Дзе была, мая дзетачка,
Ружа ружовая,
Дзе была, залаценькая,
Кветка мядовая?
Дзе вяла вечарочанек,
Цягла гадзiначкi?
Што няла ты харошая,
З кiм вялася, расiначка?
Не за полем, за лесам
Зазірай мяне, маценька.
Не гаротна й ня весела —
Надта ж доля стракаценька.
Я пiвала-замешвала
Забрадзiўшыя сьлёзанькi,
Варажыла-курылася
Над зрублёнай бярозанькай.
Танцавала па полюшку,
Па кiданых каменьчыках…
У васiлёчках ляжалася —
У вачанятах хлапечавых.
Не за полем, за лесам
Зазірай мяне, маценька.
Не гаротна й ня весела —
Надта ж доля стракаценька.
Паслухмяныя дзетачкi
З выраёчкаў вярнулiся,
Адна мiлая кветачка
Там зусiм падагнулася,
Зажурылася, сьветлая,
Загавелася, сьлiчная,
Вiдаць, iншая сьцежачка
Ёй дадому адлiчана…
Ты ня плач, мая маценька,
Не журыся, пяшчотная, —
Шчасьця ў сьвеце багаценька,
Абы кроў не халодная…
Цікавы рэмікс на гэтую песьню зрабіў Martin R. (ня блытаць з Martin S.)
File Iлюжан - Маценька.mp3 not found
Бывае, што файл, названы кірыліцаю, не паўсюль адкрываецца. Пераназвалі лацінкаю, мусіць працаваць дакладна.
КАМЕНТАВАЦЬ