
РСП. «Культавы» зь Нью-Ёрку ў джаз-вэрсіі з Apple Tea (аўдыё/відэа)
У адмысловым джазавым туры на TuzinFM гурт «Разьбітае сэрца пацана» прэзэнтуе песьню «Культавы» ў джазавай вэрсіі, якая была запісаная з гуртом Apple Tea для навагодняга тэлешоў «10 год прыгод».
Уласна песьня «Культавы» зьявілася на сьвет узімку 2011 году ў Нью-Ёрку за адзін вечар. Калі больш дакладна — тады Дзёня і Паша стварылі музыку і тэкст прыпеву. А куплеты выношваліся даўжэй і некалькі разоў мяняліся. Аўтарства фразы «Калі я п’яны — я культавы» належыць сябру музыкаў Барысу Мікалайчыку, аднаму з стваральнікаў праекту 34mag і аўтару стужкі «Вакол Беларусі на роварах».
«Можаце разглядаць гэтую песьню і літаральна — як гімн Дыянісу. Ці як ап’яненьне самім жыцьцём! — кажа Дзяніс Тарасенка. — Толькі тады, калі ты напоены жыцьцём, то пражываеш кожны яго момант напоўніцу, а ня як зомбі, у паўсьвядомым стане. Толькі ў такім стане ты жывы і свабодны».
Адмыслова для праекту, які партал TuzinFM рабіў разам з тэлеканалам «Белсат» да Новага 2018 году, музыкі запісалі жыўцом экспэрымэнтальны варыянт свайго гімну жыцьцю. Джазавы, разам з гуртом Apple Tea.
«Джазавая вэрсія нам спадабалася. Apple Teа зрабілі яе такой празрыстай і лёгкай, за што ім вялікі дзякуй. Мы атрымалі надзвычай карысны досьвед, калі папрацавалі з такімі супэр-прафэсіяналамі!» — зазначае Павал Гарадніцкі. Таксама можна паслухаць песьню ў арыгінальнай аранжыроўцы, сыграную ў студыі праграмы «Belsat Music Live».
Песьня «Культавы» ў джазавай вэрсіі возьме ўдзел ў адмысловым джаз-туры на TuzinFM, які стартуе ў сьнежні 2018 году. РСП тым часам прэзэнтавалі пяты студыйнік «Карняплоды любві», дзе багата новых смачных песень.
РСП feat. Apple Tea — Культавы (словы і музыка Дзяніса Тарасенкі і Паўла Гарадніцкага). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
TuzinFM
С трэцім глытком
Разьлілось цяпло
Цяпер пад сьнег
Народу бітком
Паглядзець прыйшло
На мой каралеўскі ніжні брэйк
Кагда я п’яны — я культавы,
А культавы я ўсягда;
І твой касяк недакураны
Астанецца наўсягда…
Сёньня я здольны
Выйсьці ў космас
Без ракеты
Сёньня я вольны
А ў астатні час
Хаваю сонца ў пакеты
КАМЕНТАВАЦЬ