Znich & Rutvica: «Так беларускі фольк яшчэ не гучаў!» (прэм’ера)
Гурты Znich і Rutvica прэзэнтуюць на TuzinFM свой сумесны сынгл «Ой, над ракою». Алесь Таболіч называе гэтую працу надзвычай важнай, бо ў ёй знойдзенае новае гучаньне беларускага фольк-мэталу.
Сынгл «Ой, над ракою» ўнікальны зь дзьвюх прычынаў, тлумачыць Алесь Таболіч. «Па-першае, мы зьмянілі стылістыку, спалучыўшы блэк-мэтал з народным сьпевам. Так беларускі фальклёр яшчэ не гучаў!» — кажа ў камэнтары TuzinFM лідэр Znich. Стыль новай песьні акрэсьліваецца, як «архаічны фольк-мэтал». «Другая прычына, які робіць гэты трэк унікальным — гэта аўтэнтычны сакральны абрадавы сьпеў. „Рутвіца“ выконвае яго менавіта ў той жа манеры і танальнасьці, як ён пяяўся ў вёсцы», — кажа Алесь. Дагэтуль у «Зьніча» быў у рэпэртуары адзін абрадавы сьпеў — «Ой, дымна за дваром», але ён быў пададзены ва ўласнай музычнай інтэрпрэтацыі. У аснову «Ой, над ракою» пакладзена арыгінальная народная мэлёдыя.
«Ой, над ракою» — калядны зімовы сьпеў. Ён быў запісаны ў вёсцы Малыя Гарадзяцічы, што ў Любанскім раёне на Меншчыне. У стварэньні трэку ўзяў удзел Erebor з гурта Krumkac, які стварыў музыку і запісаў гітары, а Дар’я Зуева (Rutvica) запісала партыю скрыпкі. Трэк быў запісаны на Digivision Records. Фота і дызайн вокладкі зрабіў Міхаіл Аракчэеў.
Znich & Rutvica — Ой, над ракою (словы народныя, музыка Erebor)
Ой, над ракою, над глыбокаю
Сьвяты вечар, над глыбокаю
Там стаіць явор, тонкі-высокі.
Сьвяты вечар, тонкі-высокі.
Тонкі-высокі, уверсе кудравой.
Сьвяты вечар, уверсе кудравой
На том кудравом сівы арол сядзіць.
Сьвяты вечар, сівы арол сядзіць
Сівы арол сядзіць, усё ў ваду глядзіць.
Усё ў ваду глядзіць — шчуку-рыбу бачыць.
«Ой, шчучка-шчучка, як ты глыбока.
Як ты глыбока — так я высока»
Сівы арол сядзіць, усё ў ваду глядзіць.
Сьвяты вечар, усё ў ваду глядзіць.
Усё ў ваду глядзіць — шчуку-рыбу бачыць.
Сьвяты вечар, шчуку-рыбу бачыць
«Ой, шчука-шчука, як ты глыбока.
Сьвяты вечар, як ты глыбока
Як ты глыбока — так я высока
Сьвяты вечар, так я высока
Ой, шчука-шчука, пасватаймося
Сьвяты вечар, пасватаймося,
Пасватаймося, пабратаймося
Сьвяты вечар, пабратаймося».
«Ой, зь цябе, шчучка, луску скрабаюць,
А зь мяне, арла, пер’е скубаюць.
Ой, зь цябе, шчучка, смачна вячэра
А зь мяне, арла, мякка пасьцеля.
Ой, зь цябе, шчучка, смачная юшка
А зь мяне, арла, мякка падушка
3 тваіх костачак зробім масточак,
З майго перайка зробім вяночак».
КАМЕНТАВАЦЬ