Песьня, у якой — Космас. Прэм’ера ад «Цмокаў» (аўдыё/відэа)
Гурт «Цмокі» прэзэнтуе на TuzinFM сваю новую песьню, якая напісаная на верш Максіма Багдановіча «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы».
«Цмокі» прэзэнтуюць новы твор з хваляваньнем, бо яны ўзяліся пакласьці на музыку славуты твор Максіма Багдановіча. Паэт напісаў яго ў 1915 годзе. «Гэта свабодны верш, які вельмі лёгка кладзецца на музыку, таму што ў ім — Космас. Спадзяемся, што адчуваньне гэтага Космасу мы перадалі і ў нашай песьні», — кажа вакаліст гурта Мікола Шакель.
На новую песьню музыкі таксама прэзэнтаваны відэашэраг, які складаецца з касьмічных здымкаў беларускага астранома Віктара Малышчыца. Відэа дапамаглі зрабіць Ала Шарко і Пятро Слуцкі.
«Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы» — другі твор, які запісалі «Цмокі» пасьля 10-гадовай паўзы ў дзейнасьці. Летась у чарце на «Тузіне» браў удзел іх кампазыцыя «Іван і Бог».
Цмокі — Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы (музыка гурта, словы Максіма Багдановіча)
TuzinFM, фота Віктара Малышчыца
Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
I сказаць:
«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць нашае сонца,
I нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, — папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?»
Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
КАМЕНТАВАЦЬ