Вяртайся
11404 / 1
25.07.2014

Віталь Варанко: «Мне зрабілася сорамна і я стаў размаўляць па-беларуску» (прэм’ера!)

Пераможца конкурсу «Засьпявай.BY» Віталь Варанко з нагоды прэзэнтацыі свайго сынглу «Вяртайся» распавёў Tuzin.fm чаму ня хоча, каб яго прадстаўлялі як баяніста, згадаў пры якіх абставінах вырашыў размаўляць па-беларуску і прызнаўся ў сваёй любові да музыкі Вольскага і паэзіі Рыжкова.

Віталь Варанко мае 22 гады, ён вучыцца на чацьвертым курсе Беларускай акадэміі музыкі і няспынна шукае шляхі для самаўдасканаленьня і творчай рэалізацыі. Менавіта таму ён вырашыў паўдзельнічаць у конкурсе «Засьпявай.BY», што праводзілі партал Tuzin.fm разам з дабрачынным фондам «Вяртаньне». У яго межах выканаўцам да 25 гадоў прапаноўвалася стварыць песьню на адзін зь вершаў беларускага сучаснага паэта. Віталь абраў твор «Вяртайся», які напісаў яго цёзка — Віталь Рыжкоў. Песьня прыйшлася даспадобы журы і была абраная старшынём журы, украінскім саўндпрадусарам Уладам Яруном для далейшай працы.

ТГ: Адкуль у цябе ўзялася цікавасьць да музыкі?

Усё пачалося з музычнай школы, калі я яшчэ ў Баранавічах жыў. Мая сястра грала на баяне, але яна адвучылася пяць гадоў і кінула гэтую справу, але менавіта яна мяне натхніла на тое, каб займацца музыкай. І я пайшоў на гэты інструмэнт, бо ён мне ад пачатку падабаўся і падабаецца дагэтуль. У настаўніца мяне яшчэ больш улюбіла ў яго. А потым паступіў у вучэльню імя Глінкі ў Менску без іспытаў, бо перамог на клясычным конкурсе па баяне. Езьдзіў на сусьветны конкурс баяністаў у Санкт-Пецярбург, дзе заняў першае месца, дзякуючы чаму быў залічаны без іспытаў ужо ў кансэрваторыю.

ТГ: Калі вырашыў разьвівацца ня толькі па клясычнай лініі?

Гэтаму паспрыяла тое, што я трапіў у джаз-клюб Яўгена Ўладзімірава, дзе пазнаёміўся з шматлікімі музыкамі з усяго сьвету. За гонар для мяне было сыграць з адным з найлепшых джазавых бубначоў сьвету Элвінам Эткінсанам зь Нью-Ёрку. Ён даваў майстар-клясу ў нашай музычнай вучэльні, а я падыйшоў да яго з баянам ды спытаўся: «Што вы думайце наконт джазу і баяну?», той кажа: «Давай сыграем», паслухаў ды запрасіў на свой сольны канцэрт у Палац рэспублікі, каб разам паімправізаваць. Дырэктар джаз-клюбу мяне тады заўважыў і стаў запрашаць штомесяц. Гэта і зьмяніла маё жыцьцё, бо я стаў разьвівацца ня толькі як клясычны музыка, а яшчэ і як эстрадны. Ня маю тут на ўвазе папсовы — джазавы.

ТГ: Былі спробы авалодаць нечым яшчэ акром баяна?

У вучэльні факультатыўна займаўся опэрным вакалам у Адама Мурзіча, цяпер ён мастацкі кіраўнік Тэатру музкамэдыі. Але я зразумеў што гэта не маё, хоць ён і казаў, што ў мяне добры тэмбр і я мог бы быць някепскім опэрным выканаўцам. Але своечасова зразумеў, што гэта не зусім маё і стаў шукаць сябе далей, пайшоў на тэлепраект «Академия талантов», проста выканаў песьню пад баян «А я милого узнаю по походке». Мяне заўважыў Уладзімер Кубышкін. Паказаў яму песьні, якія сам сачыняў. Яму спадабалася, сказаў, што калі трошкі падкарэктаваць, то яны могуць заняць сваю нішу ў беларускай музыцы.

ТГ: Ты прагнеш славы і грошай?

Цягам усяго часу я шукаў сябе як музыкант, бо я не хацеў, каб мяне ўвесь час прадстаўлялі: «выступае баяніст» ці «выступае вакаліст». Мне будзе вельмі прыемна, калі будуць казаць: «выступае вялікі музыкант». Мая мэта стаць ім. Для мяне важна, каб мая творчасьць была запатрабаваная, каб як мага болей людзей пачулі маю музыку.

Наогул жа, слова «талент» паўстала з Старажытнай Грэцыі, гэта былі грошы, якія давалі артыстам за выступ. Хто больш атрымаў, той і лічыўся найбольш запатрабаваным. Паколькі я мужчына, то я мушу зарабляць на жыцьцё і я хачу гэта рабіць з дапамогай музыкі. І галоўнае, каб я змог пракарміць сям’ю сваім улюбёным заняткам. 

ТГ: Ты разумееш і адчуваеш сваю гэтую патэнцыйную аўдыторыю?

Я хачу граць для ўсіх.

ТГ: Але хіба можа быць так?

Ну калі не для ўсіх, то для тых людзей, якія маюць радасьць ад жыцьця ці проста здольныя на тое, каб усьміхнуцца. Бо бываюць людзі скаваныя, якія з дапамогай музыкі разьнявольваюцца.

ТГ: І што ты хочаш ім даць?

Зарадзіць пазытыўнымі эмоцыямі. Бо ў мяне заўжды добры настрой. Нават калі камусьці здаецца, што я сумны, на самым пачатку размовы ён зразумее, што ў мяне проста ўсё выдатна.

ТГ: Але ж можна было пару кавэрочкаў сыграць для разьняволеньня, навошта вымысьліваць аўтарскія рэчы?

Не, тады я не крану іх сэрцы. Мне важна, каб ня толькі твар усьміхаўся, а сэрца радавалася, каб гэта чыталася ў вачах. А гэта магчыма зрабіць, калі граеш сваё.

ТГ: Але адкуль у цябе столькі эмоцыяў, што ты іх гатовы так шчодра раздаваць?

Калі я займаўся ў вучэльні, мае равесьнікі хадзілі гуляць, а я займаўся клясыкай. Занудай ня быў, проста шмат вандраваў і размаўляў ня толькі зь імі, пасябраваў зь людзьмі розных нацыянальнасьцяў. За час паездак назапасіў у сабе пазытыву.

ТГ: Як цябе ўспрымалі ў іншых краінах, калі дазнаваліся, што ты беларус. Як табе было пачувацца беларусам за межамі краіны?

Намагаўся заўсёды размаўляць па-беларуску і паказваў свой гонар за тое, што я беларус. Я патрыёт і я люблю беларускую мову, хоць толькі нядаўна пачаў на ёй сьвядома размаўляць. Мне проста аднойчы стала сорамна. Я паехаў у Польшчу і там размаўляў на такой жудаснай трасянцы. А хочацца сваёй мовай валодаць дасканала, таму стаў практыкавацца.

ТГ: На польскім тэлешоў «The Voice in Poland» бачна, што журы ў табе беларуса не распазнала.

Так, спачатку яны падумалі, што я чэх. Пасьля спыталі ці я з Украіны ці з Расеі, хоць сьпяваў я па-беларуску.

ТГ: Відэа з тваім удзелам у гэтым шоў ужо мае больш за 500 000 праглядаў, а канкрэтны плён ты адчуў ад яго?

Так, хоць праслухоўваньне я не прайшоў і ў фінал шоў ня трапіў. Мне сказалі, што гэта не фармат. Мне прапанавалі для выкананьня песьню «Bałkanica» польскага гурта Piersi, мой варыянт журы спадабаўся, журы папрасілі выканаць яе на біс і нават узяліся падпяваць, а потым папрасілі сьпець яшчэ што-небудзь і я выканаў Adele. Але іх рашэньне было такое, хоць шмат хто з гледачоў зь ім не пагадзіўся, неверагодная колькасьць камэнтароў і лайкаў было на маю карысьць. Затое пра мяне загаварылі ў Польшчы, зацікавіліся журналісты, а беларускамоўная вэрсія «Bałkanica» так прыйшлася даспадобы самому гурту Piersi, што яны паклікалі сыграць яе на сваім канцэрце.

ТГ: Пасьля такога посьпеху ў Польшчы, ты вырашыў узяць удзел у конкурсе маладых беларускіх выканаўцаў. Навошта?

Не падумайце, што ў мяне галава закруцілася ад таго польскага тэлешоў. Наадварот я стаў працаваць яшчэ болей, бо лічу, што яшчэ зусім нічога не дасягнуў. Ня маю ані альбому, ані кліпу. Мне вельмi спадабалася iдэя самаго конкурсу — напісаць песьню на верш сучаснага беларускага паэта. Люблю беларускую мову, але не магу пісаць на ёй песьні. Мне таксама вельмі падабаецца беларуская літаратура, прасякнуўся ёй яшчэ з школьных часоў і яна напраўду геніяльная, для мяне яна куды цікавейшая за расейскую — «Новая зямля» Коласа, творы Васіля Быкава, паэзія і проза Караткевіча. Нядаўна пачаў цікавіцца і сучаснай літаратурай. Шукаў на партале «Літрадыё» цікавыя вершы маладых аўтараў і ўпадабаў твор Віталя Рыжкова «Вяртайся». Вырашыў зрабіць на яго песьню для конкурсу, бо вельмі пазытыўны тэкст! І па вынку магу сказаць, што конкурс «Засьпявай» даў магчымасць праявiць сябе i папрацаваць з прафэсіяналамi, а таксама асабiста для мяне паразмаўляць i пасьпяваць на беларускай мове.

ТГ: Як табе песьні калегаў, якія таксама трапілі ў фінал?

Песьнi фiналiстаў конкурсу ўсе маюць свой характар. Мне вельмi падабаецца, што яны ўсе зроблены прафэсійна, хоць, я так разумею, ствараліся ледзьве ня ў хатніх умовах. Зь Лізаветай Леўчык я вучыўся ў адным коледжу, а вось SP Kava для мяне быў адкрыцьцём, мне спадабалася яго аранжыроўка і бачаньне вершу Андрэя Адамовіча.

ТГ: А зь беларускай сучаснай музыкі табе нешта падабаецца?

Мне «Крамбамбуля» падабаецца, і N.R.M. таго старога складу. «Песьняры» вельмі да душы, бо я на іх вырас. Гэта якраз тое, да чаго павінен імкнуцца кожны беларус-музыка, бо менавіта яны праславілі беларускую мову на ўвесь сьвет.

ТГ: Ці зьбіраесься працягваць беларускамоўную лінію ў сваёй творчасьці? Можа працягнеш спалучаць вершы сучасных паэтаў з сваёй музыкай?

У меня ёсьць задумка перакласьцi на беларускую мову ўсе мае песьнi. Ужо дзьве песьні перапісаў ды прэзэнтаваў іх на ОНТ. А наконт спалучэньня — ды канечне! Я ўпэўнены, што лепш за прафэсіянала, які ведае мову на літаратурным узроўні, ніхто не напіша тэкст ці верш. Але я таксама набяруся нахабнасьці і наступныя свае песьні паспрабую пісаць адразу на беларускай.

ТГ: Ці ты надалей зьбіраесься браць удзел у конкурсах?

Лічу, што ня варта спыняцца на дасягнутым ніколі. Нават такi пiянiст як Сьвятаслаў Рыхтар з нагоды свайго 70-годзьдзя сказаў, што ён бы пражыў яшчэ адно жыцьцё, каб яшчэ лепей граць. Для сябе я зрабіў выснову, што ў музыцы наогул няма мяжы. Таму зьбіраюся далей працаваць, удзельнічаць у конкурсах і адборах ды дасягаць новых вяршыняў!

Канцэрт пераможцаў конкурсу «Засьпявай.BY» пройдзе 27 ліпеня (нядзеля). Выступяць Лізавета Леўчык, SP Kava, Віталь Варанко. Пры ўдзеле гурта Tonqixod. Бар «Мир кофе» (вул. Якуба Коласа, 37). Пачатак у 19:00. Тэлефон для даведак +375 29 687-20-93, +375 33 903-76-85.

Tuzin.fm, фота Michał Pańszczyk

 

Прэм’ера на Tuzin.fm! Віталь Варанко — Вяртайся

 

Хадой, аўтаспынам альбо бізнэс-клясам,

але, калі ласка, вяртайся, вяртайся.

Адкінуўшы ўсё, не марнуючы часу, —

чакаю, чакаю, вяртайся, вяртайся.

Ня мае сэнсу мая «мэдыцына» — 

а я чакаю цябе традыцыйна.

Вяртайся да мяне, вяртайся

ранішнім рэйсам, патаемна вяртайся —

адразу ў прайм-тайм, праз авіякасы, 

празь неразуменьне, праз нэрвы вяртайся.

Старое жыцьцё пад уключаным прасам

пакінь ненаўмысна; вяртайся, вяртайся…

Ня вернесься ты. Не вагайся. Прынамсі,

я буду чакаць: «Вяртайся, вяртайся».

Пакуль без прычыны, каб, можа быць, проста

і кпіць — і кахаць — і сьмяяцца — і помсьціць.

Вяртайся да мяне, вяртайся

ранішнім рэйсам, патаемна вяртайся —

адразу ў прайм-тайм, праз авіякасы,

празь неразуменне, праз нэрвы вяртайся.

Словы: Віталь Рыжкоў

Музыка: Віталь Варанко

Саўндпрадусар, запіс, зьвядзеньне: Улад Ярун

Аранжыроўка: Улад Ярун, пры ўдзеле Ўладзімера Барысюка

Вокладка: Pras.by

Запісана на студыі «Селах» (Менск) і на студыі Ўлада Яруна (Кіеў)

Прадусар праекту: Сяргей Будкін

Асабістая падзяка: Паўлу Бераговічу, Хрысьціне Дарапей, Зьмітру Безкаравайнаму

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    25.07.2014 / 15:00

    Дзякуй усім, хто спрычыніўся да гэтага праекту! З такімі людзьмі верыш у лепшае!

  • КАМЕНТАВАЦЬ