Анжаліка Агурбаш спела пра герб «Пагоня»
Спявачка Анжаліка Агурбаш прэзентуе ў аўдыёчарце TuzinFM песню «Наўздагон», якую яна запісала ў знак падтрымкі пратэстуючых.
Анжаліка Агурбаш перапела сваю песню «Наўздагон», якую яна выконвала 30 гадоў таму. Гэта твор Васіля Раінчыка на словы Леаніда Пранчака, які прысвечаны гербу «Пагоня».
Спявачка нарадзілася ў Беларусі, але зараз жыве ў Маскве. Там, па яе словах, яна не прапускае ніводнай акцыі пратэста і прыходзіць на іх з бела-чырвона-белым сцягам.
— Я лічыла, што творчыя людзі павінны быць па-за палітыкай. Артысты — гэта птушкі міру і дабра. Але тое, што сёння адбываецца ў Беларусі, тэрор і агрэсія, жорсткасць у адносінах да народу з боку цяперашняй улады — гэта не можа пакінуць абыякавым ніводнага чалавека, у якога ёсць хоць кропля сумлення, годнасці і спагады, — заяўляе Агурбаш.
Тое, што раней яе называлі «спявачкай улады» і папракалі за ўчастак зямлі ў Драздах ад прэзідэнта краіны, Анжаліка каментуе так:
— Я — артыстка, якую любяць людзі, і Аляксандр Рыгоравіч у тым ліку. Я заслужыла за сваё 30-гадовае творчае жыццё не адзін такі ўчастак. Таму шчыра лічу, што мяне папракнуць няма ў чым.
Анжаліка Агурбаш — Наўздагон (словы Леаніда Пранчака)
Конь мой малады!
Нясі, імклівы конь, нясі мяне туды,
Дзе я не буду ведаць гора і нуды,
Дзе я забуду востры боль маёй бяды.
Пагоня!
Хмары нада мной.
Зайшлося сэрца невядомаю жальбой.
Нясі, мой белы конь, нясі мяне на бой,
На люты бой з тупым адчаем і маной.
Пагоня!
Наўздагон
Нястрымна нясецца Пагоня,
Пагоня!
У палон
Ўзяла маё сэрца Пагоня,
Пагоня!
Заўсягды мне будзе свяціць,
Не стрымаць яе, не спыніць,
Праз вякі над светам ляціць
Пагоня!
Песня, не змаўкай!
Плыві і жаўранкам над гонямі лунай,
Сагрэй цяплом душу маю і веру дай,
Каб з небыцця ўваскрос мой беларускі край.
Пагоня!
Золак у вачах.
Свабоды дух у нашых сэрцах не зачах,
Мы самі выбралі нялёгкі гэты шлях,
Узняўшы горда бел-чырвона-белы сцяг.
Пагоня!
Конь мой малады!
Нясі, імклівы конь, нясі мяне туды,
Дзе я не буду ведаць гора і нуды,
Дзе я забуду востры боль маёй бяды.
Пагоня!
Золак у вачах.
Свабоды дух у нашых сэрцах не зачах,
Мы самі выбралі нялёгкі гэты шлях,
Узняўшы горда бел-чырвона-белы сцяг.
Пагоня!
КАМЕНТАВАЦЬ