Вецер
6835 / 1
10.12.2013

Дзьверы, у якія ўвайшла «Пані Хіда» (аўдыё-прэм’ера!)

У новым туры аўдыё-чарту на Tuzin.fm бярэ ўдзел культавы рок-гурт з Воршы «Пані Хіда». Музыкі запісалі першую аўтарскую песьню па-беларуску за сваю 23-гадовую гісторыю.

Словы да песьні «Вецер» напісаў Барыс Штэрн. У арыгінале яна гучыць па-расейску, але музыкі вырашылі зрабіць беларускамоўную вэрсію. Аўтарам беларускага тэксту стаў Віталь Рыжкоў. «Люты — месяц, які сканчае зіму. Пасьля яго прыходзіць вясна. Але праблема ў тым, што якраз да лютага ўсе сілы вычэрпваюцца. „Люты“ для нас — гэта дзьверы, у якія трэба ўвайсьці, альбо выйсьці зь іх, але зрабіць гэта складана. Уласна пра гэта і пяецца ў нашай песьні. Тэкст паўстаў у студзені, дарэчы. Калі сілаў ужо не ставала», — распавядае вакаліст каманды Есаул Панкратаў.

Дагэтуль у сваёй творчасьці музыкі карысталіся выключна расейскай мовай. Выключэньне было зроблена аднойчы, калі была запісана беларуская народная песьня «Хлопец пашаньку пахае» для праекту «Песьнярок» (1997). «Вецер» — першы аўтарскі твор, прасьпяваны Есаулам па-беларуску. «Вельмі добры выйшаў пераклад, ён не ламае структуру песьні. У далейшым думаем пісаць песьні адразу на дзьвюх мовах, калі будзе арганічна перакладацца. Можа справа дойдзе і да беларускамоўнага альбому. У краіне ўсё больш людзей размаўляе на роднай мове і гэта радуе. Але мы дзеці эпохі расейскамоўных. Спадзяемся, што хутка ёй прыйдзе канец», — кажа ўдзельнік каманды Леанід Турок.

«Пані Хіда» існуе з 1990 году. Вядомасьць ёй прынесла песьня «Таниц». Яна была названая «Песьняй году» на «Рок-Каранацыі-1997», а відэа на яе было прызнанае «Кліпам году». У 2003 годзе гурт прыпыніў сваё існаваньне, але праз шэсьць гадоў аднавіў дзейнасьць.

Пані Хіда - Вецер (музыка гурта, словы Барыса Штэрна, беларускі пераклад Віталя Рыжкова). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы. 

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Muzagent / адказаць
    06.04.2014 / 17:31

    Музыкам - рэспект... І гукачу!
    Саунд, так нічога, нават не сорамна.
    І замяніць саліста на Мортэна Харкета з A-ha.
    Такі б, папсовы праэкт атрымаўся б... Эўрапейскі!

  • КАМЕНТАВАЦЬ