Не чакалі
4851 / 0
05.02.2014

Зьміцер Вінаградаў: зьменены стан сьвядомасьці (аўдыёпрэм’ера!)

Гітарыст гомельскага гурта «Бан-Жвірба» Зьміцер Вінаградаў прадстаўляе ў восьмым туры аўдыёчарту на Tuzin.fm новую песьню «Не чакалі» з свайго сольнага праекту.

Зьміцер Вінаградаў найбольш вядомы як гітарыст гомельскага фольк-гурта «Бан-Жвірба», у  якім ён удзельнічае з 2001 году. Паралельна музыка займаўся сваім сольным праектам. Па першым часе Зьміцер выступаў як сонграйтэр і запісаў два альбомы ў бардаўскай стылістыцы, паўдзельнічаў у праекце «Барды свабоды». Цяпер выканаўца рыхтуе сольны альбом у рок-жанры. Адну зь яго песень можна было пачуць у межах праекту «Арт-сядзібы» — «КЛІПзаМОВА» (2013), якая трапіла ў фінал конкурсу. Кампазыцыя, якую выканаўца прадстаўляе на Tuzin.fm таксама запісаная для будучай плыткі.

Задума песьні паўстала тры гады таму, але для ўвасабленьня яе з розных прычынаў спатрэбіўся досыць доўгі час. Дапамагалі ў запісе кампазыцыі Артур Сьцяпанаў, колішні бубнач гурта ТТ-34, які таксама зрабіў зьвядзеньне і мастэрынг. На бас-гітары — Уладзімер Перагудаў, удзельнік «Бан-Жвірбы». «Песьня распавядае пра той стан сьвядомасьці, калі надзея пачынае выціскаць адчай, які нібы падаваўся вечным», — прадстаўляе свой твор Зьміцер.

Tuzin.fm

Зьміцер Вінаградаў — Не чакаем (музыка і словы аўтара). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

На што падобна гэта —

Калі вяртаесься ўзьнёсла да сваіх братоў,

А тут цябе і не чакалі?..

На што падобна гэта —

Калі матляесься паміж гуляньнем у любоў

І пеністай адчаю хваляй?

 

Што можа яшчэ тут кагосьці трымаць?

Якія тут лекі адмыслова прымаць?

Калі ўжо скончаць праз калена ламаць?

І чаго, чаго чакаць?

 

На што падобна гэта —

Калі няма чаго аддаць, а ўзяць ня хочацца,

Таму што ўсё ня мае сэнсу?

На што падобна гэта —

Як па інэрцыі далей за чымсьці сочыцца,

І ўсё ні розуму, ні сэрцу?..


Прыпеў:

Хутка сонца ў тваё аконца

Замест сэрца весела заб’ецца.

Нам з табой і нам з табой навошта так любіць сумненьні?


Недзе будзе ў брудзе нібы ў цудзе,

Будзе можа нават і заможна.

Нам з табой і нам з табой навошта пакідаць сумленьне?