Шпалеры
5063 / 4
05.03.2014

Польскі гурт запісаў песьню пра трагічнае каханьне па-беларуску (аўдыёпрэм’ера)

Каманда з Уроцлаву Non Camera прэзэнтуе ў аўдыёчарце на Tuzin.fm песьню «Шпалеры». Для музыкаў гэта беларускамоўны дэбют.

Песьня «Шпалеры» напісаная яшчэ ў 2012 годзе. Доўгі час лідэр гурта Цімафей Хадневіч выконваў яе на канцэртах Non Camera ў акустычным варыянце. Сярод песень на ангельскай і польскай яна надавала разынку ў выступы гурту. «Палякі, якія ніколі ня чулі як гучыць мова беларусаў, заўсёды дзівіліся яе мілагучнасьцю і падабенствам да польскай. Пад гітару гэтая песьня мае рысы мэлянхалічных шантаў, што дадае ёй такую своеасаблівую атмасфэру вінтажнага мастацтва», — распавядае Цімафей.

Non Camera існуе ўжо ля пяці гадоў. Мае ў даробку два міні-альбомы, якія станоўча прынятыя польскай крытыкай. Апошняя па часе праца гурта выйшла ў лютым 2014-га і мае назву «Behind the Walls». Каманда актыўна выступае, як сольна, так і на разагрэве перад польскімі і замежнымі зоркамі. У сваей музыцы Non Camera стараюцца выкарыстаць усю моц электронных сынтэзатараў у спалучэньні з гітарным гучаньнем.

Гурт паходзіць з польскага Ўроцлава і сілкуецца з тамтэйшай атмасфэры. «Гэта вельмі прыгожы горад. На кожнай вулачцы „старога мяста“ можна пачуць водгукі нямецкай артыстычнай і мастацкай багемы 20—40-х гадоў, і польскай 50—60-х гадоў. У кожным другім пабе — старая мэбля, піяніна тых часоў, дзе-нідзе стаіць грамафон, а на сьценах вісяць старыя фотаздымкі. У такіх пабах бавяць свой час студэнты акадэміі мастацтваў, акторы тэатру, мастакі і музыкі, а як вядома, каханьне да дзяўчынаў з гэтых колаў бывае цяжкім і сканчаецца няўдала. Менавіта пра такое каханьне распавядае гэтая песьня», — кажа Цімафей і дадае, што «Шпалеры» магчыма зьяўляецца больш шчыраю за іншыя песьні гурту Non Camera, больш прыватнай. «Гэта своеасаблівы скарб, які я доўга не хацеў прадстаўляць шырокай публічнасьці», — заўважае музыка.

Tuzin.fm

Non Camera — Шпалеры (музыка і словы Цімафея Хадневіча). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Размаляваныя шпалеры,

Ці гэта мае нейкі сэнс?

Я паўгады ня бачыў сонца,

І я ня бачу сваіх friends.

 

Я паварочваю ключамі,

І дзьверы ціха пойдуць уніз.

Бо звонку неяк непрыемна,

Трываць вялікі твой капрыз.

 

Бо гэта пастка кавалераў,

Якія лазяць праз акно.

Я намалюю на шпалерах,

там дзе павінна быць даўно.

 

Я намалюю табе краты

І ключ заціснуты ў руцэ.

Я паказаў табе ўсе карты,

Твая чарга шукаць мяне.

 

Я хачу забраць свае паліто,

Сказаць «Дзякуй» і скочыць праз акно.

Бо ня дам сабе рады з такімі як ты,

Я ўцякаю далей ад пачуцьцяў віны.

 

Я ўцякаю далей ад пачуцьцяў віны,

Бо ня дам сабе рады з такімі як ты.

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    05.03.2014 / 16:51

    Хто ўжо расчуў песьню - цікавае Ваша меркаваньне. Быць можа ад яго залежыць, ці працягне гурт паглыбляцца ў беларускую плынь!

  • Андрэй Філіпчык
    Андрэй Філіпчык / адказаць
    05.03.2014 / 21:17

    Нішто сабе песенька, мілагучная.

  • Khrystsina Darapei
    Khrystsina Darapei / адказаць
    06.03.2014 / 14:25

    Фінал песьні асабліва ўразіў: словы, музыка, настрой

  • Аляксей Вясельеў
    Аляксей Вясельеў / адказаць
    27.06.2015 / 15:17

    Якасная песня. Можна ратаваць па радыё.

  • КАМЕНТАВАЦЬ