Зброя
5683 / 3
03.04.2014

IQ48: «Мазгі можна вынесьці ня толькі куляю» (аўдыё)

У новым туры аўдыёчарту на Tuzin.fm гурт IQ48 прадстаўляе песьню «Зброя» з будучага чацьвертага альбому. Насуперак усім законам шоў-бізу музыкі паказваюць матэрыял мэтавай аўдыторыі яшчэ да яго рэлізу.

Тэкст да «Зброі» напісаў вакаліст каманды Аляксандар Ракавец. Музыка пераймаецца праблемай незаконнага гандлю зброяй і называе тых, хто задзейнічаны ў гэтай бруднай справе «сукамі і падлюкамі». Але вобраз «зброі» ў гэтым трэку ўжываецца ў шырэйшым сэнсе. «Мазгі можна вынесьці ня толькі куляй. Акром „узі“ ды „Калашнікава“ ёсьць іншыя спосабы забіць. Напрыклад, словам. Зброя — заўжды хадавы тавар, яе карыстаюць, каб займець паболей грошай. Грошы таксама, дарэчы, зброя. І ўся гэтая зброя вакол, яна накіраваная на нас або мы самі трымаем яе ў руках. Я паспрабаваў паказаць чалавечую нізасьць і ня лепшы спосаб пераадольваньня сваіх комплексаў праз гэтую тэму», — распавядае франтмэн IQ48.

«Зброя» стала загалоўным нумарам сынглу гурта, які пабачыў сьвет у лістападзе 2013 году. Яна таксама ўвойдзе ў чацьверты альбом IQ48, які цяпер рыхтуецца. «Цяпер мы якраз яго „дасачыняем“. Практычна ўсе рэпэтыцыі мы прысьвячаем менавіта гэтаму. Адсоткаў 70—80 новае праграмы ў нас ужо ёсьць, не ціхарымся, сьмела граем новыя песьні і на канцэртах. Насуперак законам шоў-бізнэсу, паказваем матэрыял мэтавай аўдэторыі яшчэ да яго рэлізу. Такі ў нас падыход», — кажа гітарыст каманды Яўген Бузоўскі. Дата новага рэлізу пакуль не называецца, але «Зброя» будзе яўна ў ім адным з самых ударных яго нумароў.

Tuzin.fm

IQ48 — «Зброя» (музыка гурта, словы Аляксандра Ракаўца). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

 

Пачвара ня мае твару, ня мае душы й сэрца ня мае

Пачвара любіць толькі сябе, сама сябе абірае,

Крывавы бізнэс! Зялёных банкнотаў паток ідзе стабільны,

Сродкі людзей ідуць на вайну. Гэй, грамадзянін, будзь пільны!

 

Літара супраць кулі, кнігі, падручнікі супраць стрэльбы,

Злодзей ня можа бяз зброі, злодзей са зброяй цэльны,

Калі не хапае тых сантымэтраў, памер ствала іх заменіць,

Дзеці, жанчыны, старыя — пляваць, чужога жыцьця ён ня цэніць.

 

Твае патугі, твой сэнс жыцьця, для іх нічога ня значаць

Трэба новую партыю сьмерці, на мапе асадкай адзначыць

Хто там паранены, хто там загінуў, колькасьць ужо не бянтэжыць

Новы рахунак з крывавым прыбыткам, чорнае сэрца цешыць

 

Ёсьць прапанова, ёсьць патрэба, грошы на стол і пагналі

Новыя кулі, усё дзеля міру, як для сябе адлівалі,

Пачак сьвежых банкнотаў, трымаюць крывавыя рукі

Колькі каштуе тваё жыцьцё, спытай у гэтае сукі!

 

Ім не цікава, хто ты, і хто я!

Сукі зарабляюць гандлюючы зброяй!

КАМЕНТАРЫ:

  • lipa777 / адказаць
    03.04.2014 / 18:56

    Ня люблю пісаці благія каменты, але хлопцы кім былі тымі і засталіся, інструментус ансамбліўс..Я пільна чакаў нейкіх зьменаў у гурце, чагосьць не хапала ім, з часоў вар'ятаў потым апасля гэрояў...Мусіць апасля зброі чакаць больш няма чаго. Пераважна мае меркаваньне...

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    03.04.2014 / 19:43

    Хлопцы вартыя павагі хаця б за тое, што не скарыліся абставінам ды працягваюць гнуць сваю лінію. Мала якія гурты ў нас здольныя пратрымацца 14 год і ня здрадзіць сваім прынцыпам.
    У музычным пляне яны зь цягам часу наадварот сталі цікавейшыя. Схадзіце на іх канцэрт! (Эх, а ўсё ж саксафону шкада:)

  • Jauhien Sokalau
    Jauhien Sokalau / адказаць
    04.04.2014 / 14:45

    +1 да ўсяго, у тым ліку да саксафону)

  • КАМЕНТАВАЦЬ