Песьня, зь якой пачаўся KilFil
У першым туры аўдыё-чарту на «Тузіне Гітоў» інтэрнацыянальны праект KilFil прадстаўляе сваю песьню «Крылы» з дэбютнага сынглу. Як кажа вакаліст каманды Алесь Кот-Зайцаў, менавіта зь яе пачаўся новы творчы саюз. Трэк запісаны зь вядомым расейскім саўндпрадусарм Барысам Істоміным, які працаваў з Зэмфірай і «Мумий троллем».
«Крылы» – адна з першых песень, якая з’явілася ў гурта KilFil. Больш за тое, паўстала яна досыць незвычайным чынам. Яе аўтар Алесь Кот-Зайцаў апавядае, што прынёс адзін з сваіх новых твораў для далейшай працы над ім у гурце. Але ў выніку тую песьню рабіць не сталі, бо іншыя ўдзельнікі калектыву настолькі ўпадабалі адзін маленькі кавалачак, што вырашылі разам адштурхнуцца ад аднаго радка і ў сумесным імправізе зрабілі музычную частку будучай песьні. Тады Алесь напісаў новы тэкст і «Крылы» набылі сучасны выгляд.
Песьню гэтую «кілфілаўцы» настолькі палюбілі, што вырашылі запісаць яе максымальна крута. У выніку працавалі зь вельмі таленавітым і знакамітым саўндпрадусарам - Барысам Істоміным, які рабіў гук Зэмфіры і «Мумий троллю». Працэс і вынік усім вельмі спадабаўся.
Гурт KilFil атабарыўся ў Маскве ад часу свайго заснаваньня ў сьнежні 2012-га году. У ім удзельнічаюць музыкі з Расеі і Беларусі. Грае сумесь электроннай і жывой музыкі, песьні мае на беларускай і расейскай мовах. Пакуль у даробку каманды адзін відэакліп, EP і некалькі выступаў на буйных фэстах. Разам з ili-ili гурт KilFil перамог у сёлетнім віртуальным конкурсе на «Басовішча», але ў самім фэсьце ня здолеў узяць удзел. Праз год творчых пошукаў і спробаў музыкі вырашылі падсумаваць вынікі першага этапу і разважаюць як працаваць далей. Алесь Кот-Зайцаў кажа ў гэтай сувязі: «Усе пляны раскрываць пакуль рана, але дакладна магу сказаць - будуць неспадзяваныя падзеі, сьвежыя рэлізы і, спадзяюся, новыя вяршыні».
SB, «Тузін Гітоў»
KilFil – Крылы (муз. гурта, сл. Алесь Кот-Зайцаў). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
КАМЕНТАВАЦЬ