ЛСП: Вырак пакаленьню лянотнікаў і клабэраў
2851 / 0
22.09.2014

ЛСП: Вырак пакаленьню лянотнікаў і клабэраў

Ёсьць спадзяваньні, што LSP не натрапіць на публіку, якая ўспрыме словы «Если нету денег — нету тёлок» літаральна. Ад выканаўцы, абрэвіятуру якога прапаноўваецца расшыфроўваць як «маленькая тупая сьвіньня» (lilstupidpig), гэтыя словы слухаюцца як вырак пакаленьню лянотнікаў і клабэраў.

25-гадовы рэпэр зь Віцебску зрабіў прапанову, ад якой расейскі рынак проста ня можа адмовіцца. Ён пачытаў куплеты там-сям па-беларуску, каб уцяміць, што гэта нікому ня трэба, ды выправіўся на скарэньне шырокіх масаў.

ЛСП адзначыўся тры гады таму зусім някепскім міні-альбомам «Видеть цветные сны», які падараваў гіт для старэйшага школьнага ўзросту «Хиппи». Альбом «ЁП» па ўсёй лёгіцы мае зрабіць Алега Саўчанку поўным улюбёнцам публікі. Яго стыльны, модны і моладзевы гіп-гоп, які поўніцца забаўнымі музычнымі не прыдумкамі — хутчэй перакруткамі — ды часам бруднай да чарнухі іроніяй, што месцамі мяжуе з цынізмам, уваходзіць у суседзкі шоў-біз як нож у масла. Строга, ЛСП карціць назваць малодшым братам Каржа, майстрам прасунутай папсы, якая зь лёгкасьцю сыдзе як за не абцяжараную вялікім сэнсам клюбную музыку, так і за андэграўднае яхідзтва з сваёй філязофіяй. Пагатоў і альбом яму дапамагаў рабіць Рома UFO, колішні ўдзельнік гурта Mauzer, які супрадусаваў шэдэўральны другі дыск таго ж Каржа. На «ЁП» таксама зьвяртаюць на сябе ўвагу добра прадуманыя і смачныя аранжыроўкі, зробленыя з пачуцьцём, розумам і веданьнем, з густа замяшаным электронным гукам (у песьні «Номера» дык наогул пекла). Адзінае што не стае часам у голасе выканаўцы разынкі, дэталі, усхліпу/усхрапу, моцна і небанальна ўзятай ноткі — таго, што фармуе вакальную харызму.

«Если нету денег, значит, нету тёлок, значит, нет друзей, значит нет приколов», — з халоднай зацятасьцю вяшчае Алег у, мусіць, праграмным сваім творы. Ад выканаўцы, абрэвіятуру якога прапаноўваецца расшыфроўваць як «маленькая тупая сьвіньня», гэта слухаецца як жыцьцёвае крэда і вырак адначасова пакаленьню лянотнікаў і клабэраў, якія любяць толькі сябе, а астатняе — як у трэку «Зачем мне этот мир». Ёсьць спадзяваньні, што LSP не натрапіць на публіку, якая ўспрыме яго словы літаральна.

У гэтага хлопца адчуваецца здаровая амбітнасьць. Можна не сумнявацца: калі ён сасьпее да сольніка ў Палацы спорту, ён возьме жывы склад. І калі ў яго на душы накіпіць сапраўды — то яго ўжо будзе не спыніць. Бо «ЁП» выглядае толькі на лёгкую дэманстрацыю патэнцыялу. Каб не папсаваць агульнае ўражаньне ад альбому, апошнія два трэкі-кавэры слухаць неабавязкова.

Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.by