Mustelide. Самая дзіўная дзяўчына Менскай вобласьці
3253 / 1
10.11.2014

Mustelide. Самая дзіўная дзяўчына Менскай вобласьці

Былая клявішніца гурта Ulis запісала ў хатніх умовах альбом, які можа стаць падзеяй, калі не ў Беларусі, дык за мяжою.

Альбом праекту колішняй клявішніцы гуртоў Ulis i Clover Club, а цяпер удзельніцы «Серебряной свадьбы» Наташы Куніцкай можна было б прадаваць разам з раманам Сашы Філіпенкі «Былы сын». Не, ён ня мае нічога супольнага з падзеямі, якія апісваюцца ў гэтым творы, але выдатна можа ілюстраваць добрую частку аповеду — тую, дзе галоўны герой на працяглы час выпадае з гэтай рэчаіснасьці. Песьні Mustelide якраз пра «выпаданьне» чалавека з соцыюму, гэта музыка дзіўных сьненьняў і змарнелага часу, на якую абсалютна не ўплывае тое, што дзеецца тут і цяпер. Наташа пагружае слухача ў свой мікрасьвет, дзе жыць лёгка, проста і ненапружна. Звонку ў яго можа пранікнуць хіба навязьлівая мэлёдыя зь дзяцінства — Лінда там, ці «Ламбада». 27-гадовая сьпявачка паўстае тут ў вобразе наіўнай дзівачкі, якая ратуецца ад шэрасьці дзён і «вушнога рабаўніка» (пэрсанаж з трэку №1) на сваім пэрсанальным дрэве ці хаваецца за ўяўнамі маскіраванымі дзьвярыма. Такім чынам у яе атрымліваецца захаваць сваю ўнутраную чысьціню і прапанаваць арыгінальны творчы прадукт, які не паддаецца параўнаньню, хоць тут відавочныя рэспэкты і адсылкі, як да музыкі 90-х, так і да сучаснасьці. Праз гэта яе альбом досыць цяжка ўпісаць у беларускі музычны кантэкст, зрэшты як і творчасьць шэрагу іншых выканаўцаў, якія твораць у пазакантэкстнай прасторы (Vegetables, Groosha, «Кассиопея» ды іншыя).

У гэтых песьнях няма вострых іголак і нэрва, альбом ціхі і лагодны, пры гэтым вельмі інтымны — адчуваньне такое, што зазіраеш у прыватны дзёньнік чужога чалавека. «Secret» яго якраз у непрыдуманасьці, якімі бы дзіўнымі гэтыя песьні ні падаваліся. Штучнасьць яна ж заўважная адразу, і тут яе няма зусім. Тут наогул няма нічога лішняга і кожны нумар моцны па-свойму, асабліва вылучаецца «Смысл» — сапраўды сэнсавая кропка праграмы, і «Golden Pool», вартая ратацыяў на эўрапейскіх радыёстанцыях. Калі б па выніках году прысуджалася прэмія за самы наіўны і дзівацкі альбом, то яе выйграў бы праект Mustelide.

SB, Tuzin.fm/Budzma.by

Mustelide — Secret, лэйбл «Тёмные лошадки» (RU), 2014

КАМЕНТАРЫ: