Застаецца толькі мат
Ігар Загумёнаў з сваім панк-праектам не пагрэбаваў апусьціцца да маргінальнага ўзроўню ды запісаў «антыгопніцкі» альбом. Але выйшла малапераканаўча.
Быў час, калі Ігар Загумёнаў пісаў правільныя поп-гіты і часьцяком зьяўляўся на дзяржаўным ТБ. Але ў пэўны момант яго натура ўзбунтавалася, і ён вырашыў сысьці ў глыбокі андэграўнд. «The Blagest Of Mat!!!» — дэбютны альбом панк-праекту Blagi Mat!!!, які Ігар заснаваў разам з адным з самых запатрабаваных бубначоў беларускага року Аляксеем Яфрэменкам (Znich, Litvintroll, Partyzone, Tarpach, «Мутнаевока»). Зь нядаўняга часу гурт пераназваны ў PUN.
Паводле тэматыкі праграму хочацца назваць «антыгопніцкай». Прынамсі, у шэрагу твораў з дыску дэманструецца нянавісьць да «п’янтосаў» ды ўсялякіх дзеўбакоў. Прычым часам, каб давесьці сваю пазыцыю, аўтар сам рызыкуе апусьціцца да маргінальнага ўзроўню (у песьні «Распі…дзяй»). Гучыць малапераканаўча і хутчэй выглядае як трызьненьне ды ня вельмі ўмелая гульня ў фрыка. Шмат тут пазёрства ды надуманасьці, эпатажу самага нізкага гатунку. Адчуваецца, што аўтару не стае словаў, каб данесьці сваю думку да слухача.
У альбоме «The Blagest Of Mat!!!» няма адчуваньня цэласнасьці, надта ён мазаічны. Цягам усяго дыску гучыць дуда, уплеценая па добрай беларускай завядзёнцы ў бруднае рок-гучаньне. Але ўвасобленая задума зусім груба і просталінейна. Гэтак жа і з тэкстамі, калі, канечне, гэтыя нагрувашчаньні словаў ды абрыўкі чужых фразаў можна назваць тэкстамі. Давяршае справу непрыемны казьліны вакал, у якім можна расчытаць намёкі на інтанацыі Кульлінковіча і Вольскага. Ясна, што Загумёнаў паважае стары-добры беларускі рок, але яго спробы самавызначыцца ў гэтым кірунку выглядаюць хутчэй як сьляпое і няўмелае капіяваньне ўзораў. «Tut.by» ў яго выкананьні (песьня Neuro Dubel, злучаная ў адно зь «Я нарадзіўся тут») дык наогул можа прэтэндаваць на самы бяздарны кавэр у найноўшай беларускай музычнай гісторыі.
Неадольна адчуваецца, што Ігар залез не на сваю дзялянку. Не выходзіць зь яго адвязанага панк-рокера, якім ён хоча паказацца. Шляхі тут бачацца такія: альбо выканаўцу авалодаць майстэрствам эпатажу, альбо вярнуцца да электрапопу — жанру, дзе Загумёнаў сапраўды можа сказаць сваё слова.
Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org
Blagi Mat!!! (PUN) - The Blagest Of Mat!!!, 2013
СУПЕР!!!
Вярнуліся blagimat.com | vk.com/blagimat
КАМЕНТАВАЦЬ