Грустные песни
Сьпявачка Паліна Рэспубліка, якая цяпер падпісваецца проста Palina, прэзэнтавала новы альбом «Грустные песни». У яго ўвайшлі творы на беларускай і расейскай мовах, што былі напісаныя цягам апошніх трох гадоў.
У дыскаграфіі сьпявачкі гэта другі студыйны альбом, але сама Паліна называе яго сваёй «дыплёмнай працай». Справа ў тым, што пасьля прэзэнтацыі альбому «Бясконцы красавік», яна перагледзіла канцэпцыю сваёй творчасьці і вырашыла далей ісьці самастойна. Паліна Рэспубліка зьмяніла стыль і стала выступаць адна, без музыкаў. У альбом «Грустные песни» ўвайшлі песьні з новага пэрыяду сьпявачкі, якая летась вырашыла спрасьціць свой творчы псэўданім — цяпер яна проста Palina. Прэзэнтуе яна сябе, як «сумная сьпявачка». Адсюль — і назва альбому.
«Гэта музыка цесна жыла са мной апошнія тры гады і запісвалася ў самых розных месцах. Разам мы моцна зьмяняліся і імкнуліся заставацца шчырымі, перажыўшы мноства расчараваньняў. Выдаваць такі альбом нават крыху ня хочацца, але вельмі цікава паглядзець, што зь ім будзе і як гэта на мяне паўплывае. Гэта мая дыплёмная праца і памятны калаж пра важны і цудоўны час», — зазначае Паліна з нагоды прэзэнтацыі.
Зьвядзеньнем і майстарынгам альбому займаўся Алег Даманчук з Maple Tree Studio, акром трэка «Я пойму», які аўтар рэміксу Аляксей Беляеў запісаў на Studio Forz. Альбом даступны на вядучых музычных пляцоўках.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ