2328 / 0
25.04.2019

Piano Concert I

На баўгарскім сеціўным лэйбле Mahorka апублікаваны новы альбом менскага авант-джазавага ансамблю «Фантастычныя плыўцы», які на дадзеным рэлізе ўяўляе зь сябе суполку піяністаў.

Дзеля запісу «Фартэпіяннага канцэрту #1» фармацыя набыла выгляд суполкі з 6 незалежных піяністаў. Лідэр фармацыі Віктар Сямашка, Дар’я Багаслова («Раса летуценьнікаў»), Максім Іўкін («Балцкі субстрат»), Максім Субач (экс-TonqiXod, Subtonans), Мішэль Даіліда («Голос Кинчева») ды Ільля Сіўцоў па чарзе сыгралі спантанныя мініятуры, зрабіўшы такім чынам два колы. Адзіным абмежаваньнем было пажаданьне працягнуць думку папярэдніка, каб кампазыцыі сэнсава злучаліся між сабой.

«Ашаламляльны матэрыял, які камбінуе ўмелыя, натхнёныя й па-сапраўднаму кранальныя імправізацыі зь вельмі цікавымі й прыгожымі мэлёдыямі, гармоніямі й рытмічнымі структурамі, — дзеліцца сваімі ўражаньнямі кіраўнік лэйблу Mahorka Іва Петраў. — Запіс па-добраму рэзкі, здольны выцягнуць сьвядомасьць і зрабіць слухача ачмурэлым. І ў той жа час музыка пазытыўна наладжвае ды прымушае ўсьміхацца. Люблю гэту працу. Яна добра на мяне ўплывае».

Запіс «Фартэпіяннага канцэрту #1» адбыўся напрыканцы 2018 году ў музэі-майстэрні Заіра Азгура. Выхаду альбома папярэднічаў EP «Over Beet», сыграны тым жа складам.

Рэліз даступны на сайце лэйблу Mahorka, Archive.org і Bandcamp.

TuzinFM