Me, Mother
Гурт Shuma прэзэнтуе на TuzinFM альбом «Me, Mother», у якім музыкі праз гукі і сьпевы паспрабавалі перадаць розныя станы мацярынства.
У «Me, Mother» сабраныя старажытныя песьні, якія выкарыстоўваліся жанчынамі ў розных рытуалах у часы паганства ў Беларусі. Усе моўныя асаблівасьці сьпеваў былі захаваныя. Музыку з альбому Shuma апісвае ў трох словах — містыка, глыбіня і эмбіент.
У аснову альбома легла праца дзьвюх вакалістак праекту Русі і Надзеі Брылёвай, якія запісвалі акустычныя песьні падчас цяжарнасьці. Абедзьве сьпявачкі чакалі дачок і стваралі для іх нешта падобнае да хатняга альбому. Пазьней гэтыя напрацоўкі трапілі ў рукі саўндпрадусара Shuma — Alexis Scorpio, які зрабіў зь іх сур’ёзны электронны альбом. У запісе таксама паўдзельнічаў Аляксандар Янкялевіч (шаманскі вакал).
Гучаньне альбома апісвае розныя станы мацярынства і перажываньні ўзаемаадносінаў чалавека з Маці, ад эўфарыі да агрэсіі. «Саўнддызайн зроблены такім чынам, што гэты альбом можна лічыць тэрапэўтычным. Мы выкарыстоўвалі тут псыхаакустычныя рашэньні, якія дапамагаюць слухачу пражываць розныя падаўленыя эмоцыі, як трывога, захапленьне, страх, спакой, падзяка ды іншыя. Напрыклад, такія як бінаўральныя гукі, белы шум, спэцыфічныя частоты, рытмічныя малюнкі і вакальныя прыёмы», — тлумачыць Руся і дадае, што «Me, Mother» уяўляецца ёй гукавой містэрыяй, якую Shuma прысьвячае Маці Зямлі.
Альбом выйшаў на беларускім лэйбле Ezhevika і даступны на асноўных лічбавых пляцоўках.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ