Дачакайся, матуля
9544 / 2
28.08.2014

Разумнае, добрае, вечнае ў новым кліпе Вайцюшкевіча (афіцыйная прэм’ера!)

Зьміцер Вайцюшкевіч прадстаўляе на Tuzin.fm кліп на песьню «Дачакайся, матуля» ў дзень нараджэньня Генадзя Бураўкіна.

Зьміцер Вайцюшкевіч прадстаўляе на Tuzin.fm свой першы афіцыйны відэакліп, створаны ва ўмовах забароны, кліп — прысьвячэньне ўсім беларускім матулям. Сьпявак плянаваў зьняць відэа на «больш папсовую песьню». Сярод варыянтаў былі песьні з шансон-праграмы «Ты залаты» і «Бадзягі», але пасьля навіны пра сьмерць паэта Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна, якому належаць словы песьні «Дачакайся, матуля», Зьміцер вырашыў, што трэба здымаць кліп менавіта да гэтай кампазыцыі.

Сюжэт кліпу цесна зьвязаны з эпізодам жыцьця Зьмітра. «У свой час, у 1986 годзе, я пакінуў матулю, калі паехаў вучыцца, як і галоўны герой песьні. Гэта гісторыя пра нашы недамоўленыя моманты ў адносінах з бацькамі. Вельмі часта нам здаецца, што бацькі будуць жыць вечна і ў нас шмат часу на тое, каб пасьпець ім усё сказаць, папрасіць прабачэньня… Гэтая песьня — своеасаблівая споведзь, зварот да самых блізкіх і родных нам людзей».

У кліпе ролю хлопчыка, як бы Вайцюшкевіча ў дзяцінстве, грае Міша Панцелееў. Галоўную ролю сыграў сам сьпявак. Ён кажа, што ў кліпе ёсьць моманты, якія сапраўды кранаюць: «У нас не было шмат рэсурсаў, на тое, каб неяк пашырыць ці паглыбіць гісторыю. Тут няма дарагіх дэкарацыяў, асноўная ўвага сканцэнтравана на пачуцьцях, на ўнутраным вобразе». Здымкі адбываліся ў лясах пад Ракавам ды ў студыі «Куб». Кіраваў працэсам рэжысэр Расьціслаў Смольскі, ён жа займаўся мантажом. Апэратарамі былі Сяргей Бондараў і Аляксандр Бондараў.

Музычныя відэа Вайцюшкевічу здымалі і раней, але сам выканаўца лічыць менавіта гэтую працу сваім першым рэальным кліпам. Музыка адзначыў, што яму давялося працаваць з прыемнымі людзьмі і прафэсійнай тэхнічнай камандай: «Мы асабліва не замарочваліся і кіраваліся прынцыпам: лепш не дарабіць, чым перарабіць. Я спадзяюся, што гэта не апошні кліп. Думаю, прынамсі раз на год варта нешта здымаць», — падкрэсьліў Зьміцер. Выканаўца разумее, што яго працу пабачыць толькі аўдыторыя Tuzin.fm, тэлеканалу «Белсат» ды іншых незалежных пляцовак, а на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі на яго ня зьвернуць увагу, але з гэтай нагоды не сумуе: «Самае галоўнае, што гэта песьня — вечная, дзякуй за гэта Генадзю Мікалаевічу!» 

Зьміцер Вайцюшкевіч — Дачакайся, матуля (рэжысэр Расьціслаў Смольскі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Натальля Стрыжак, Tuzin.fm 

КАМЕНТАРЫ:

  • Леон Зильберман
    Леон Зильберман / адказаць
    21.02.2015 / 07:57

    Шыкоўнае відэа

  • Алеся Люлькович
    Алеся Люлькович / адказаць
    13.08.2015 / 21:17

    Мне очень понравилось видео!!! Удачи в голосовании!!!

  • КАМЕНТАВАЦЬ