zolki band перадаюць прывітаньне ўсім хворым (відэа)
Гурт прэзэнтуе свой новы кліп на песьню «rak». Ролік зьняў рэжысэр Ігар Гусеў у закінутых вайсковых казармах на ўскрайку Берасьця.
«rak» — працяг супрацоўніцтва таленавітага рэжысэра, фатографа і апэратара Ігара Гусева з zolki band (назва і трэка, і гурта пішацца наўмысна з малых літараў). Зь ім музыкі ўжо маюць адну працу. Здымаць новы кліп пастанавілі ў закінутых армейскіх казармах на ўскрайку Берасьця — такая атмасфэра найлепш пасавала да самой кампазыцыі. Удзельнікі здымак распавядаюць, што імкнуліся дабіцца якраз такога эфэкту, каб кліп атрымаўся цягучым. «Нам хацелася каб было адчуваньне нейкай зацягнутасьці, каб слухачу пры праглядзе карцела паскорыць карцінку. А хер вам. Усё будзе ісьці настолькі павольна, наколькі гэта магчыма. Па адным і тым жа калідоры, зацыкляючыся па коле і вяртаючыся штораз і штораз да пачатку», — кажа лідэр zolki band Рома f.s.t.
Пры прадстаўленьні працы Рома згадвае паданьне пра прарока Ёну — той момант, калі Ёну праглынуў кіт: «У выніку прарок правёў ва ўлоньні вялікай рыбіны тры дні і тры ночы, а потым быў выкінуты на бераг. На жаль, у нашым кліпе ня ўсё так шчасьліва сканчаецца. У ім мы перадаем прывітаньне ўсім хворым. Тым, хто намагаецца прабіцца празь сьцены, падае знакі, намагаецца дакрычацца да добрага і прыгожага, якое, здаецца, тут побач, за сьцяною. А ўсе няхворыя навокал кажуць ім: „ой, опять эти вот лезут, которым больше всего надо“».
Песьня «rak» увайшла ў дэбютны дыск «Doŭhi-doŭhi dzień», адзначаны некалькімі музычнымі экспэртамі па выніках мінулага году. Яго жывая прэзэнтацыя мае прайсьці ў Берасьці 11 красавіка.
zolki band — rak (рэжысэр Ігар Гусеў). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm
Добра дзяўчо таньчыць. Падабаецца!
Паглядзеў яшчэ раз. Заўважыў на пачатку столік з ІКЕЯ, на якім стаіць тэлевізар).
Танцы дагэтуль падабаюцца. Голас вакаліста таксама запамінальны.
КАМЕНТАВАЦЬ