Яна
4352 / 0
13.04.2016

«Вочы» зьнялі кліп пад уплывам Дэйвіда Лінча (прэм’ера)

Гарадзенскі гурт прэзэнтуе відэа на песьню «Яна» з свайго дэбютнага альбому «Усё бачаць».

На здымкі гэтага кліпу пайшло ажно тры гады. Лідэр гурта Юры Дубовік, якому належыць і аўтарства роліку, прызнаецца, што на яго моцна паўплывала творчасьць рэжысэра Дэйвіда Лінча і ў прыватнасьці ягоны фільм «Малголанд драйв». «Захацелася ня проста зьняць відэашэраг да песьні, а зрабіць відэа з таямнічым сюжэтам і прапанаваць слухачам яго разгадаць. Вядома ж, ёсьць і аўтарская трактоўка, але пакуль ня буду пра яе казаць», — зазначыў з нагоды прэм’еры Юры Дубовік.

Стваральнікі відэа кажуць, што здымачны працэс быў даволі экстрымальным, бо паводле задумы здымкі адбываліся і цёмнай ноччу, часам узімку пры тэмпэратуры да –20 градусаў. На адной з акторак аднойчы нават адзеньне загарэлася ад піратэхнікі, але ўсё абыйшлося. Адметна таксама, што адну з роляў у кліпе выканала Юлія Сямашка, вакалістка гурту «Вочы».

Песьня «Яна» ўвайшла ў дэбютны альбом гарадзенцаў, які быў прэзэнтаваны нядаўна на Tuzin.fm.

Вочы — Яна (рэжысэр Юры Дубовік). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.

Tuzin.fm