
«MorkvoЦвет» зьнялі кліп у 2078 годзе (прэм’ера)
Гурт «MorkvoЦвет» прэзэнтуе на TuzinFM дэбютны кліп на новую песьню «Звар’яцелы генэрал». Рэжысэрамі гэтага абсурднага роліку выступілі самі музыкі.
Героі відэа — гэта сам генэрал і ягоная сьвіта. Усе іх дзеяньні абсурдныя. Уся іх дзейнасьць — разбурэньне, зьнішчэньне ўсяго, да чаго яны дакранаюцца. Звар’яцелы генэрал — пэрсанаж выдуманы, у сьвеце не існуе прататыпу гэтага героя, распавядаюць аўтары відэа Яўген Белановіч і Павал Рыжкоў. Але хто ведае, да чаго мы прыйдзем да 2078 году. «Мы лічым, што гэтая песьня пра любоў. А дакладней — пра яе адсутнасьць. І пра тое, да чаго можа прывесьці адсутнасьць любові ў нашым грамадзтве», — кажа Яўген. «Важна разумець, што „звар’яцелы генэрал галаўнога мозгу“ пагражае кожнаму з нас. Тым больш, перадумовы ўжо ёсьць. Мы ўжо прымаем і апраўдваем страшныя рэчы, якія адбываюцца вакол нас. Гэта ня значыць, што трэба супраціўляцца ўсяму новаму. Важна адчуваць межы. І гэтая песьня якраз пра адсутнасьць гэтых межаў», — дадае Павал.
Хлопцы сталі як сцэнарыстамі, так і рэжысэрамі свайго роліку. Гэта іх першы досьвед. Рэалізаваць задуму ім дапамог Дзьмітры Новік, які выступіў апэратарам і мантажорам. Кліп зьнялі за два дні пад Менскам, у Сьмілавічах. У гэтым месцы прайшоў ураган і ягоныя наступствы бачныя на відэа.
MorkvoЦвет — Звар’яцелы генэрал (рэжысэры — Яўген Белановіч і Павал Рыжкоў).
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ