Інтэграцыя ўратуе. Кліп у караоке-стылі ад Лявона і паплечнікаў
Кліп рэжысэра Мацея Сабурава на песьню Лявона Вольскага «Сьпявайце!», які аб’яднаў фанатаў і музыкаў з розных краінаў, бярэ ўдзел у зімовым відэачарце на TuzinFM.
Задума і рэалізацыя кліпу «Сьпявайце» — вельмі простая. Сябры, калегі, а таксама прыхільнікі Лявона Вольскага разам з музыкам пяюць ягоную песьню. Сам музыка кажа, што ў роліку хацелася аб’яднаць тых, хто звычайна знаходзіцца на сцэне і тых, хто перад сцэнаю. Таму прапанову зьняцца атрымалі слухачы, якія зрабілі найбольшы ўнёсак у краўдфандынгавую кампанію па выданьні альбому «Псыхасаматыка», а таксама музыкі з гуртоў Akute, «J:морс», «Без билета», Trubetskoy, Gods Tower, «Дай дарогу!», Re1ikt, Tonqixod, а таксама замежныя госьці — гурты «Тартак» (Украіна), Biplan (Літва), «Наив» (Расея), Stoppok (Нямеччына). Агулам жа ў краўдфандынгу альбому, які выйшаў у лістападзе 2016 году, узялі ўдзел больш за 600 чалавек з 30 краінаў сьвету.
«Людзі, якія ахвяроўвалі грошы, — яны з розных краінаў, маюць розныя прафэсіі, розны ўзрост, розны жыцьцёвы досьвед. Музыкі — таксама з розных гуртоў, з розных краінаў, граюць у розных стылях. Таму атрымаўся гэткі інтэграцыйны кліп. Мне падаецца, што інтэграцыя — аб’яднаньне музыкаў з музыкамі, слухачоў са слухачамі, музыкаў са слухачамі — гэта тое, чаго нам цяпер вельмі бракуе. Гэтая інтэграцыя, узаемаразуменьне — тое, што мусіць усіх нас выратаваць», — заўважыў з нагоды выхаду кліпу Лявон Вольскі.
Кліп пабачыў сьвет сёлета напярэдадні вялікага канцэрту Лявона ў Вільні з праграмаю «172».
Лявон Вольскі — Сьпявайце (рэжысэр — Мацей Сабураў).
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ