Калядная казка для дзяцей і дарослых ад «Млыну Сонца»
Гурт «Млын Сонца» прэзэнтуе ў зімовым туры відэачарту анімацыйны кліп на песьню «Калядная ноч», які зрабіла Марыя Чарвінская.
Да прэзэнтацыі кліпу на «Калядную ноч» музыкі з «Млыну Сонца» не былі знаёмыя з Марыяй Чарвінскай. Яна сама зьвярнулася з прапановай зрабіць ролік на песьню ў якасьці сваёй дыплёмнай працы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. «Справа была ў лютым, усе мы безумоўна былі ня супраць. У траўні пабачылі ўжо вынік — Марыя патэлефанавала і запрасіла нас усіх на абарону», — распавядае вакалістка гурту Валянціна Міронава. Цікава, што рэжысэрам папярэднага відэа на песьню «Ваўкалак» стаў таксама студэнт акадэміі мастацтваў Яўген Іваноў. Такую цікавасьць да песень з альбому «Ростань» музыкі тлумачаць яскравымі сюжэтамі сваіх песень, калі рэжысэру зразумела што і як паказаць.
«Марыя перадала сюжэт песьні-легенды „Калядная ноч“ вельмі простай вобразнай мовай, што робіць кліп цікавым як дарослым, так і дзецям. Нам вельмі спадабаўся такі падыход — з гумарам, гарэзьлівасьцю і шалёнымі сымпатычнымі дзеўкамі-вядзьмаркамі, якія абсалютна не выклікаюць страху перад чымсьці містычным, хіба што толькі ўсьмешку», — так прэзэнтуюць кліп на сваю песьню наведнікам TuzinFM музыкі з «Млыну Сонцу».
Сачыць за навінамі гурту можна праз афіцыйную суполку.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ