Я іду да цябе
18137 / 0
25.12.2017

Як ведзьміны чары перамагчы. Дэбютны кліп Ваданосавай

Кацярына Ваданосава прэзэнтуе на TuzinFM кліп на песьню «Я іду да цябе». Ён стаў дэбютным ня толькі для сьпявачкі, але і для рэжысэра Валерыя Кандрацьева.

Ідэя кліпу належыць Валерыю. Ён — прафэсійны актор, які захацеў стаць па іншы бок камэры і дзеля гэтага прыдумаў прыгожую і трохі жахлівую гісторыю. І менавіта ад яго сыходзіла прапанова зьняць песьню на гэтую песьню.

Кампазыцыю «Я іду да цябе» Кацярына напісала яшчэ 8 гадоў таму, але сьвет яна пабачыла толькі мінулай зімой на сольным акустычным альбоме «Mifatvorcasc». Цяпер сьпявачка працуе са сваім музычным гуртом Fantasy Orchestra і перайшла ад акустыкі да электрычнасьці, але Валерыю Кандрацьеву настолькі спадабалася песьня менавіта ў акустычна-фолькавым выкананьні, што ён папрасіў не перапісваць яе з новым складам інструмэнтаў. Праўда, у арыгінале песьня доўжыцца больш за 5 хвілін, і адмыслова для стварэньня больш мабільнага відэашэрагу яе прыйшлося крышку скараціць за кошт інструмэнтальных пройгрышаў.

Відэакліп расказвае гісторыю пра тое, як у лес, дзе пануе адна вядзьмарка, прыходзяць чацьвёра музыкаў. Яны ведаюць, што толькі ад іх музыкі вядзьмарка можа страціць сваю ўладу, і лес ачысьціцца ад яе чараў. Праўда, ніхто зь іх ня здолеў пераадолець сваю слабасьць, і чараўніца ў выніку атрымала трыўмфальную перамогу. Хаця адзін з хлопцаў усё ж-такі здолеў пазбавіць вядзьмарку ад адмоўных схільнасьцяў, няхай і за кошт уласнага жыцьця.

Апэратарам кліпу выступіў Канстанцін Сярогін, акторамі, акрамя ўласна Кацярыны Ваданосавай, сталі музыкі з гурту Fantasy OrchestraМіхаіл Шведаў, Зьміцер Кацечаў ды Віталь Дубікаў, а таксама актор Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі Зьміцер Давідовіч. Аўтарам большай часткі касьцюмаў выступіла сама Кацярына, якая прафэсійна займаецца дызайнам, шытвом і выкладае мастацкую вышыўку.

Кацярына Ваданосава — Я іду да цябе (рэжысэр — Валеры Кандрацьеў)