Галоўная песьня «Камяніцы-2014» (аўдыё)
4477 / 0
08.09.2014

Галоўная песьня «Камяніцы-2014» (аўдыё)

Песьня «Краіна мрой» прагучала на сканчэньне шостага фольк-фэсту «Камяніца-2014».

Гэты твор гурт «Воплі Відаплясава» запісаў для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2». Алег Скрыпка вырашыў перасьпяваць для праекту менавіта «Краіна мрій» з аднайменнага альбому гурта, які быў запісаны ў 1994 годзе, калі ён стала жыў у Францыі. Алег палічыў, што гэтая песьня найбольш пасуе для «Перазагрузкі» і для Беларусі наогул. Пагатоў перад самым запісам музыка высьветліў, што ён сам на чвэрць беларус. Перастварыў гіт украінцаў Андрэй Хадановіч. Скрыпка назваў беларускі тэкст бездакорным.

Менавіта гэтую песьню Алег Скрыпка вырашыў выканаць пры канцы свайго ды-джэй сэту, якім закрываўся шосты фольк-фэст «Камяніца». Некалькі тысячаў гледачоў сьпявалі разам зь ім ды лідэрам «Палацу» Алегам Хаменкам, які далучыўся пасярод кампазыцыі да свайго ўкраінскага сябры.

Воплі Відаплясава — Краіна мрой

(музыка і словы — Алег Скрыпка, беларускі тэкст — Андрэй Хадановіч)

Чуў я — ці мне сьніцца парой,

Што існуе краіна мрой,

У той краіне расьце дзівосны гай.

Гай той кожны можа знайсьці —

Таямніцу чароўнасьці,

Дасягнуўшы глыбіняў, разгадай!

 

Хай нясе мяне рака

Ў зачарованым чаўне,

Ў неба нясе,

Быццам ува сьне.

 

Там шмат патаемных хадоў,

Што сягаюць былых гадоў,

Там жывёлы нябеснай дабрыні.

Не шукай ты на мапах яе,

Яна там, дзе шляхі твае

Да бясконцай імкнуць далечыні.

 

Нас нясе, нясе рака

Ў зачарованым чаўне,

Ў неба нясе,

Быццам ува сьне