Улад Бубен абвесьціў у вышук народны сьпеў (відэа)
Беларускі электроншчык Улад Бубен прадставіў кліп на сваю новую кампазыцыю «Our Way to Nowhere», зробленую ў стылістыцы фольк-гаўсу.
Аўтарам роліку стаў мастак зь Берасьця Анатоль Тадорскі, які ўжо супрацоўнічаў зь беларускім элетроншчыкам. Героі відэакліпа «Our Way to Nowhere» — абагульненыя вобразы беларускага соцыюму, кожны рух якіх карпатліва вылеплены мастаком з плястыліну. «Іх паводзіны — гэта суб’ектыўная інтэрпрэтацыя аўтара, але глядач, напэўна, пазнае ў героях знаёмага, суседа ці нават самога сабе», — кажуць стваральнікі роліку. У гэтым творы скарыстаны запіс з архіву этнаграфічных экспэдыцыяў. «Асноўная вакальная лінія належыць адному з аматараў народнага сьпеву, хоць гэтае выкананьне можна палічыць і прафэсійным. Імя яго застаецца таямніцай, як і назва гэтай песьні. Магчыма сярод чытачоў знойдуцца глыбокія знаўцы ці жыхары рэгіёну, якія пазнаюць гэтую мэлёдыю і песьню. Мы будзем удзячныя за падобную інфармацыю. А пакуль працягнем па выспах зьбіраць Атлянтыду невядомых беларускіх матываў і іх выканаўцаў», — паведаміў Улад Бубен парталу Tuzin.fm.
Сам трэк «Our Way to Nowhere» ўвойдзе ў новы альбом музыкі «Alien People». Выхад рэлізу заплянаваны на 23 лістапада 2014 году на лэйбле Big Buben Studio пры супрацы з адным з найбуйнейшых сусьветных дыстрыб’ютараў лічбавых запісаў — кампаніяй Believe Digital.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ