«Стары Ольса» шыкоўна сыграў «One» гурта Metallica (відэа)
Славутая песьня гурта Metallica прагучала на старадаўніх беларускіх інструмэнтах.
Гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» падрыхтваў сваю вэрсію «One» для перадачы тэлеканалу ОНТ «Легенды.Live», якая была прысьвечана творчасьці Metallica. Лідэр «ольсаў» Зьміцер Сасноўскі ўжо зазначаў у інтэрвію Tuzin.fm, што рыфы гітарнай рок-музыкі вельмі ўдала кладуцца на старадаўнія інструмэнты, асабліва на шалмеі, жалейкі і дуды. Да гэтага музыкі выконвалі з розных нагодаў свае вэрсіі твораў Deep Purple, Nirvana і «Песьняроў». У «One» сьпявае Андрэй Апановіч, вядомы таксама як лідэр гурта Litvintroll.
У межах тэлепраекту «Легенды.Live» беларускія музыкі перайгрываюць на свой лад рок-клясыку. Мы пацікавіліся ў вядучага праграмы Івана Падрэза, што ён адказвае на вечныя заўвагі кшталту: хто яны такія, маўляў, каб дакранацца да сьвятога. «Некаторая частка нашай музычнай суполкі да клясычных рок-рэчаў ставіцца значна больш сур’ёзна, чым іх непасрэдныя стваральнікі. Нават на вельмі асабістыя для аўтараў песьні кшталту „Hallelujah“ Коэна ў сьвеце існуе сотні розных кавэраў: і добрых, і не. Коэна гэта не турбуе. Для музыкі сьмяротна, калі яе кансэрвуюць у нейкім саркафагу сьвятасьці і недатыкальнасьці. Гэта вельмі аўтарытарнае стаўленьне да творчасьці, якая па сваей сутнасьці адпрэчвае любыя мэтанаратывы. Такая манапалізацыя свайго пункту гледжаньня на музыку ў сьвеце, дзе пануе бязьлітасны постмадэрн, падаецца дрымучым рэтраградзтвам», — зазначыў Іван.
Праграму «Легенды.Live» можна пабачыць на тэлеканале ОНТ у вячэрнім этэры штопанядзелак і пачуць на Радыё ОНТ, у панядзелак у 22:05, а таксама шточацьвер і штосуботу ў 16:00.
Tuzin.fm
«Стары Ольса» грае «One». Відэа прадастаўлена тэлеканалам ОНТ
Можна сто разоў паважаць творчасць «Старога Ольсы» (што й робім), але, на жаль, у гэтым выпадку выйшла не так шыкоўна, як, пэўна, спадзяваліся зрабіць. Маем нейкую вылегчаную версія «One», абарваную ў кульмінацыны момант, якой бракуе драйву. Чаго заўгодна, але вось гэтага ад «Ольсаў» не чакаў.
Дарэчы, было б сапраўды шыкоўна, каб Алесь Чумакоў зрабіў і беларускамоўную інтэрпрэтацыю тэксту «One» (падобную да тых, што яму цудоўна ўдаліся ў альбоме «Сыны старадаўняй Літвы» з ірландскімі баладамі).
Сапраўды дзіўна, што не пераклалі, гучала бы цікавей. Але і ў такой вэрсіі і выкананьні песьня вартая ўвагі.
Бясспрэчна - вартая. Хоць і чуваць, што сыраватая, быццам спехам зробленая.
16 лiстапада канцэрт СТАРОГА ОЛЬСЫ да 15-цi годдзя у Дк Маз!
Музыка троху нагадвае "Jethro Tull", гэты гурт таксама выкарыстоўваў падобныя інструмэнты, можа крыху сучасныя, але ж нешта ёсць гэткае...
КАМЕНТАВАЦЬ