Фільм Кудзіненкі з Нойзам MC і Жывалеўскім пакажуць на «Лістападзе» (відэа)
2700 / 0
07.11.2014

Фільм Кудзіненкі з Нойзам MC і Жывалеўскім пакажуць на «Лістападзе» (відэа)

Стужку беларускага рэжысэра, дзе зьняўся Іван Аляксееў (Noize MC) і лідэр «Голай манашкі» Фёдар Жывалеўскі, пакажуць у Менску 9 лістапада.

Новы фільм Андрэя Кудзіненкі «Hard Reboot» прадстаўляецца як псыхадэлічны трылер. Сам аўтар казаў пра тое, што эстэтыка ягонай працы працягвае традыцыі лацінаамэрыканскай літаратуры магічнага рэалізму, эўрапейскага гатычнага раману і амэрыканскага незалежнага кіно. Арыентыры на Джармуша і Лінча. У цэнтры ўвагі — музыкі з гурта Noize MC з Іванам Аляксеевым на чале. Гэтак жа як і фільм завецца іх новы альбом. Знаны расейскі рэпэр — даўні прыяцель Кудзіненкі, здымаўся ў ягоным фільме «Розыгрыш» (2008). Акром таго, у фільме ў якасьці актора дэбютуе яшчэ адзін музыка — Фёдар Жывалеўскі з «Голай манашкі».

У Беларусі «Hard Reboot» пакажуць у межах кінафэстывалю «Лістапад» 9 лістапада ў кінатэатры «Перамога» ў 17:00. Фільм удзельнічае ў Нацыянальным конкурсе гульнявога кіно.

Tuzin.fm