Байсан прызнаўся, што хворы на сухоты ў дзень свайго новага рэлізу (аўдыё)
3011 / 0
08.12.2014

Байсан прызнаўся, што хворы на сухоты ў дзень свайго новага рэлізу (аўдыё)

Паэт і музыка Алесь «Байсан» Плотка выдаў разам з электроншчыкам Уладам Бубнам альбом «Skweee Belarus» і прызнаўся, што сур’ёзна захварэў.

Алесь дазнаўся, што хворы на сухоты абсалютна выпадкова, калі рабіў даведку ў басэйн і прайшоў флюараграфію. Яму прызначылі курс лячэньня, які працягнецца паўгоду. «Я вырашыў напісаць пра сваю хваробу адкрыта найперш дзеля таго, каб іншыя людзі былі абачлівымі, больш уважліва ставіліся да свайго здароўя і пэрыядычна рабілі тую ж флюараграфію», — зазначыў у камэнтары для Tuzin.fm музыка. Ён мае намер выступаць надалей, прымаючы меры засьцярогі. «На гэтай стадыі хваробы дактары не забараняюць прысутнічаць у публічнай прасторы, але, натуральна, я буду карыстацца сваім мікрафонам, кубкам і гэтак далей у мэтах дадатковай засьцярогі», — зазначае музыка.

Альбом «Skweee Belarus» Байсан запісаў разам з сваім паплечнікам, электроншчыкам Уладам Бубнам. Як і першы альбом, ён даступны для праслухоўваньня на самых буйных сусьветных сэрвісах, дзякуючы супрацы артыстаў з дыстрыбутарам Believe Digital.

Найбліжэйшы выступ дуэту адбудзецца ўвечары 12.12 на прэзэнтацыі праекту «МемТут» у галерэі Тut.by.

Tuzin.fm