Navi прадставілі спантанны альбом. Цалкам па-беларуску (аўдыёпрэм’ера!)
3313 / 0
16.12.2014

Navi прадставілі спантанны альбом. Цалкам па-беларуску (аўдыёпрэм’ера!)

Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук запісалі новы дыск нечакана нават для саміх сябе.

Альбом «Сонцам сагрэтыя» ўключае сем беларускамоўных трэкаў — шэсьць аўтарскіх рэчаў і адзін кавэр — на культавую песьню беларускага року «Стэфка», вядомую зь сярэдзіны 80-х у выкананьні гурта «Бонда», а пазьней «Крамы». Музыкі паказалі яе перад выданьнем Ігару Варашкевічу і той упадабаў такое яе прачытаньне. Нягледзячы на абвешчаны гуртом рух на электрычнае гучаньне гэтая праца запісаная ў акустыку і наогул зьявілася нечакана. «Задума была вельмі спантаннай, мы вырашылі стварыць гэты альбом пры канцы кастрычніка і паабяцалі паказаць яго да канца гэтага году. Таму сапраўды вельмі хваляваліся, што не пасьпеем. Але ўсё атрымалася так, як трэба. Альбом перадусім лірычны, героі песень ужо знаёмыя нашым слухачам, можа толькі яны трапляюць у крыху іншыя абставіны. Таму ёсьць як дынамічныя нумары, так і зусім вясёлыя», — прадставіў альбом слухачам Tuzin.fm Арцём Лук’яненка.

Некалькі песень з альбому «Сонцам сагрэтыя» Navi сыгралі на канцэрце «Героі году» 12 сьнежня, а цалкам праграму прэзэнтуе 20 сьнежня ў бары ДК, разам з струнным квінтэтам Evand Band. Квіткоў на гэты выступ практычна не засталося.

Альбом «Сонцам сагрэтыя» можна спампаваць у афіцыйнай суполцы гурта. Наўпроставая спасылка на zip-файл.

Tuzin.fm