«Групіроўка Белавежская Пушча» зьняла незвычайны кліп пад уплывам Каўрысьмякі (відэа)
Музыкі называюць гэтую працу рэмінісцэнцыяй на прагляд дыяфільму.
Сваё новае відэа «Групіроўка Белавежская Пушча» зьняла на песьню «Ня мае сэнсу», якая ўдзельнічала ў аўдыёчарце на Tuzin.fm. Здымкі прайшлі ў сьнежні 2014 году ў Кіеве. Галоўную ролю ў кліпе сыграла Ірына Какаркіна, паэтка і сьпявачка зь Віньніцы. Менавіта яна, на думку музыкаў, адпавядала іх патрабаваньню. «Мы паказваем дзяўчыну, якая ўвасабляе вобразы жыцьця і каханьня. Дзяўчыну, якая таньчыць і вабіць. Каханьне, якое прыцягвае. Жыцьцё, якое пачынаецца, доўжыцца і зьнікае. І ўсё зноў спачатку, па сьпіралі. І што далей — ня мае сэнсу…» — кажа пра ідэю відэароліку лідэр каманды Фёдар Міхайлаў. Ён зазначае, што з дапамогай гэтага кліпу было імкненьне вярнуць гледача ў часы аналягавай каляровай малаякаснай кінаапаратуры. Тым тлумачыцца адсутнасьць рэалістычнай перадачы прасторы і тэхнічныя скажэньні стужкі. Ад таго і відэа не на поўны экран. Фёдар называе гэты прыём «рэмінісцэнцыяй на прагляд дыяфільму». Натхняліся на здымкі працамі фінскага кінарэжысэра Акі Каўрысьмякі.
«Групіроўка Белавежская Пушча» правяла 2014 год у гастролях па Расеі і Ўкраіне ды трошкі па Беларусі. Пераважна гэта былі кватэрнікі й выступы на мясцовых радыё. Гурт зь Беларусі таксама адзначыўся ў расейскім фільме-канцэрце «Рок-волна №1», а Фёдар Міхайлаў выступіў на гала-канцэрце «Классная Площадь X». Сёлета музыкі зьбіраюцца запісаць некалькі альбомаў і зьняць новыя відэаролікі.
Сачыць за навінамі гурта можна празь іх афіцыйную суполку.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ