Exegutor. Узор беларускага грайндкору (аўдыёпрэм’ера!)
2782 / 0
23.03.2015

Exegutor. Узор беларускага грайндкору (аўдыёпрэм’ера!)

Адзін зь лідэраў беларускай грайндкор сцэны запісаў новы альбом «Embassy of Hell».

Exegutor сьпявае пераважна па-ангельску, але акцэнт у песьнях робіць на тыпова беларускіх зьявах, якія адлюстроўваюць народную беларускую культуру. У межах стыляў дэз-мэтал і грайндкор, вядома ж. «У нас ёсьць трэкi пра лазьню, карагод, самагонку, нават пра колішняга сябру беларускага народу Уга Чавэса», — кажа Сяргей Лаўрыненка, вакаліст каманды. Але беларускамоўны твор «Не маўчы» адрозьніваецца ад астатніх — ня толькі мовай выкананьня, але і агульным настроем. Сяргей называе яе заклікам да дзеяньня: «Мы заклікаем пачаць барацьбу за аднаўленьне нашага грамадзтва, з выхаду з асабiстай зоны камфорту кожнага з нас. Бо ў такiх умовах мы робiмся лёгкiм аб’ектам для манiпуляцыii ў руках розных сiлаў. Шэрасьць ды абыякавасць заўсёды нясуць за сабой кроў. „Мая хата з краю“ — гэта прысуд ўсяму нашаму грамадзтву i нашай будучыні».

Exegutor існуе з 2009 году і лічыцца вядучым гуртом на беларускай грайндкор-сцэне. У 2012 годзе гурт прадстаўляў на Tuzin.fm свой трэк «На Поўнач», прысьвечаны беларускім партызанам. Альбом «Embassy of Hell» зьяўляецца другім поўнафарматнікам. Ён выдадзены адразу на некалькіх расейскіх лэйблах (More Hate, Satanath, Narcoleptica), прычым як на CD, так і ў рэдкім цяпер фармаце MC — аўдыёкасэты.

Жывая прэзэнтацыя альбому «Embassy of Hell» заплянаваная на 29 сакавіка ў Jack Club. Падрабязнасьці — у афіцыйнай суполцы гурта.

Tuzin.fm