Гледачам фэстаў «Belarus Alternative» ў Літве і «Басовішча» ў Польшчы выдадуць бясплатныя візы
3394 / 0
30.03.2015

Гледачам фэстаў «Belarus Alternative» ў Літве і «Басовішча» ў Польшчы выдадуць бясплатныя візы

Два беларускія фэсты абвесьцілі пра прыём заяваў на выдачу бясплатных візаў.

Фэст «Belarus Alternative» пройдзе ў Вільні 1 і 2 траўня з удзелам гуртоў Brutto, Neuro Dubel, Pomidor/off, «Серебряная свадьба», Super Besse і Pukstband. Бясплатныя візы (без спагнаньня консульскага збору) могуць быць выдадзеныя ўсім гледачам толькі на падставе квіткоў, набытых у офісе турыстычнай фірмы «Тридевять земель» (Менск, вул. Казлова, д. 7, оф. 12). Пакупнікі квіткоў у сыстэме Ticketpro (Беларусь) і Bilietupasaulis (Літва) візавую падтрымку атрымаць ня могуць. Пры продажы квіткоў зь візавай падтрымкай можна адразу зарэгістравацца на падачу дакументаў у Амбасаду Літоўскай Рэспублікі ў Менску. Апошні дзень падачы дакумэнтаў на візу — 23 красавіка. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на сайце беларускіх арганізатараў.

Дамовіліся на выдачу бясплатных візаў гледачам і арганізатары фэстывалю «Басовішча», які пройдзе 17—18 ліпеня ў польскім Гарадку ў 26-ы раз. У ім таксама заяўлены выступ Brutto, а таксама гурта Dzieciuki, польскай зоркі Lao Che, новага праекту лідэра гурта Rima Андрэя Паплаўскага Ostrov. Астатнія ўдзельнікі фэсту будуць абвешчаныя пазьней. Пакуль існуе дамоўленасьць на выдачу 100 бясплатных візаў у польскім консульстве ў Горадні. Але іх колькасьць можа быць павялічана. Вядуцца таксама перамовы з консульствамі ў Берасьце і Менску. Уваход на фэстываль вольны, таму для атрыманьня бясплатнай візы дастаткова даслаць заяўку на мэйл vizy@basowiszcza.org

Tuzin.fm, фота Generation.by