
Гурт Navi зьмяніў склад і рыхтуе кліп. «Такога ў Беларусі яшчэ не здымалі!» (відэа)
Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук набралі новых музыкаў. Поўным складам гурт дае канцэрт 7 траўня ў «Мулен Руж».
Да Navi далучыліся басіст Улад Чашчавік і Аляксей Шартух з гурта Anyway. «У сувязі са зьменамі ў складзе нашае гучаньне толькі палепшылася, гук і аранжыроўкі сталі яшчэ цікавейшымі. У найлепшым выглядзе мы пакажамся на нашым канцэрце», — кажа Арцём Лук’яненка. Выступ заплянаваны на 7 траўня ў «Мулен Руж», ён прымеркаваны да дня народзінаў гурта.
Літаральна на гэтым тыдні Navi здымае новы кліп разам з рэжысэрам Андрэем Сьвятловым на песьню «Выберу сам» з свайго альбому «Сонцам сагрэтыя». Музыкі анансуюць сваю будучую працу такім чынам: «Мы хочам зрабіць эфэкт аднаго кадру, такога ў Беларуси яшчэ не здымалі. Адмыслова будуем дэкарацыі, задзейнічана шмат людзей і мы ані на сэкунду не сумняемся, што ўсё атрымаецца здорава», — кажуць музыкі.
З прыемных навінаў гурта — Navi запрошаныя на буйны расейскі этнафэст «Дикая мята», які пройдзе 26—28 чэрвеня ў Тульскай вобласьці. Сярод гасьцей у ім заяўлены «Аквариум», Ніно Катамадзэ, Mgzarvebi, Teqiulajazzz, «Калинов мост», Zdob si Zdub ды іншыя. Зь беларусаў будуць яшчэ Irdorath і The Toobes.
Дадатковая прыемнасьць. Кавэр-вэрсію гурта Navi на песьню «Там, де нас няма», зробленую для тэлепраекту «Легенды.Live» ўдабаў гурт «Океан Ельзи» і зьмясьціў відэа ў сваёй афіцыйнай суполцы.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ