Віталь Качаткоў прадставіў песьню па матывах вершаў Купалы (прэм’ера)
2120 / 0
03.08.2015

Віталь Качаткоў прадставіў песьню па матывах вершаў Купалы (прэм’ера)

Сьпявак, які працуе ў жанры шансон, зьвярнуўся да клясыкі беларускай паэзіі.

Новы самотнік Віталя Качаткова завецца «Абнімі мяне». Выканаўца кажа, што напісаў новы твор па матывах вершаў Янкі Купалы. Запісам, зьвядзеньнем і майстарынгам займаўся Генадзь Сыракваш, а аранжыроўку зрабіў Іван Чэбанаў з Малдовы. «Пасьля таго, як я запісаў свой трэці альбом і прапрацаваў каля паўсотні песень на вершы розных аўтараў, то адчуў у сабе сілы пісаць і свае тэксты, — распавядае выканаўца. — Вядома ж, я не паэт, але перапрацоўваць і кампіляваць у мяне атрымліваецца. Я шукаю паэтычныя вобразы ў паэтаў-клясыкаў. І Янка Купала — адзін з самых яскравых паэтаў, які натхняе на стварэньне свайго».

Віталь Качаткоў працуе пераважна на расейскай шансон-сцэне, але імкнецца ўключаць у свой рэпэртуар песьні па-беларуску. З адной зь іх «Уцякае сонечны прамень» ён стаў летась ляўрэатам конкурсу «Звездопад талантов» у Маскве. «Даволі часта высьвятляецца, што ў шмат якіх расейцаў карані беларускія, таму прымаюць песьні па-беларуску на „ўра“. Як, нядаўна, на фэстывалі шансону ў Васкрасенску і на фэсьце „Спадчына продкаў“ у Маскве», — кажа Віталь Качаткоў. Цяпер выканаўца заняўся яшчэ і прадусарствам — сьпявачкі Алесі Агінскай. Першы самотнік яе будзе звацца «Уцякае сонечны прамень».

Tuzin.fm