Drwiwy пашырылі склад, каб запісаць «самарэпрэсіўны» альбом (відэа)
Грошы на запіс дыску музыкі вырашылі сабраць з дапамогай слухачоў.
Drwiwy — цяпер не дуэт, а паўнавартасны гурт. Да заснавальнікаў праекту Арцёма Вілейты і Сяргея Цуранкова далучыліся бубнач Андрэй Аляксеенка, саксафаніст Ус Садам і бас-гітарыст Аляксандар Бабуз. У такім складзе музыкі ўжо далі некалькі канцэртаў, а цяпер запісваюць альбом. «Матэрыял новага альбома моцна розьніцца ад таго, што мы рабілі раней, — кажа Арцём Вілейта. — Мы зьмяняемся і ўвесь час спрабуем штосьці новае для сябе. Першы альбом быў моцна сканцэнтраваны на ўнутраным сьвеце аўтара, другі ж — рвецца вонкі, гучыць больш урбаністычна, нясе самарэпрэсіўны характар. Аранжыроўкі сталі больш шчыльнымі і разнастайнымі». Мяркуецца, што ў альбом увойдзе 14 трэкаў, запісаць яго мяркуецца пры падтрымцы слухачоў. Cродкі зьбіраюцца праз плятформу Ulej.by: можна ахвяраваць ад 25 000 руб. да 5 000 000 руб. і атрымаць за гэта ад музыкаў розныя прыемнасьці.
«Наш альбо гатовы на 50 %, але мы сутыкнуліся зь недахопам грошай, што вельмі запавольвае працэс запісу. Рэпэтыцыі на 3 гарады (Менск-Бабруйск-Гомель), пераезды, гадзіны запісу ў студыі… Па-другое, нам заўсёды цікава камунікаваць са слухачом, ня жыць ва ўяўным сьвеце», — зазначае Сяргей Цуранкоў.
Drwiwy маюць ужо ў дыскаграфіі дэбютнік «Спокіў» (2012), а таксама тры самотнікі — «Альжбэта/Шэпты завулкаў правінцыі», «Карусель» і «Мая Сінявокая».
Яшчэ: Drwiwy. Пайсьці і не вярнуцца
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ