Nizkiz, Super Besse і Вайцюшкевіч ачолілі рэйтынг беларускіх альбомаў-2015
1824 / 0
06.10.2015

Nizkiz, Super Besse і Вайцюшкевіч ачолілі рэйтынг беларускіх альбомаў-2015

Праект Experty.by абвесьціў прамежкавы рэйтынг найлепшых беларускіх альбомаў па вэрсіі штатных крытыкаў, у які патрапілі рэлізы першага паўгодзьдзя.

Першыя тры прыступкі занялі дыскі гуртоў Nizkiz, Super Besse і Зьмітра Вайцюшкевіча. Усе тры работы набралі аднолькавы бал, аднак на дадатковых парамэтрах першае месца заняў альбом гурта Nizkiz «Лірика», другая па ліку студыйная праца калектыва з Магілёву. «Nizkiz уяўляе зь сябе новы тып беларускага гурта. Яны падкрэсьлена і аднолькава ўдала пяюць на абедзьвюх мовах. Няспынна шчыруюць над гукам — гэта для іх ёсьць першаснае. Ставяць перад сабою невыканальныя, здавалася б, задачы і дасягаюць іх. І ня будзе нічога дзіўнага, калі ім скарыцца сусьвет», — адзначыў у сваёй рэцэнзіі на альбом «Лірика» Сяргей Будкін, галоўны рэдактар Tuzin.fm і адзін з штатных аўтараў Experty.by.

Выніковы рэйтынг за 2015 год будзе абвешчаны ў сакавіку 2016 году на восьмых штогадовых узнагародах Experty.by, якія вызначаюцца па галасах беларускіх і замежных крытыкаў, а таксама актыўных карыстальнікаў сайту. Перамога ў галоўных намінацыях узнагародаў Experty.by дае права на адмысловы прыз — паўнавартасную рэклямна-інфармацыйную падтрымку канцэрту, чым за апошнія гады скарысталіся гурты Port Mone, Tonqixod, Pukstband і BosaeSonca. Генэральным партнэрам узнагародаў зьяўляецца інтэрнэт-правайдэр «Атлант Тэлекам».

Пазнаёміцца з рэйтынгам і паслухаць усе альбомы можна на сайце Experty.by.

Tuzin.fm