Recha сышлі ў поп-музыку і шансон (аўдыё)
2984 / 0
25.11.2015

Recha сышлі ў поп-музыку і шансон (аўдыё)

Гурт выдаў першы альбом за сваё больш чым 10-гадовае існаваньне.

Альбом «Перайначыць» — не складанка найлепшых песень гурта, а канцэптуальная праграма ў пэўным стылі. Гурт ня стаў выдаваць на дыску песьні, якія прынесьлі яму вядомасьць раней, як, напрыклад, «Чэ Гевара» ці «Сацьяграха». Наогул гурт стаў менш вострым у тэкстах і лягчэйшым у музыцы. Лідэр гурта Андрусь Такінданг у камэнтары для Tuzin.fm зазначыў, што гэта быў сьвядомы выбар: «Сапраўды, мы граем поп-музыку, не элітарную. Як кажуць, для народу. Таму тут няма баевікоў. Падабралася нізка песень шансоннага гучаньня, якую мы разьмясьцілі на альбоме. Мы хацелі зрабіць якраз такі дыск — лірычны і карчомны». Дарэчы, адна зь песень з гэтага рэлізу — «Дурніца» ўдзельнічае цяпер у аўдыёчарце на Tuzin.fm.

У працы над альбомам «Перайначыць» бралі ўдзельнікі гурта Recha Андрусь Такінданг (домра, голас), Яўген Шурмей (гітара), Віктар Паўлючэня (акардэон), Кастусь Лісецкі (бас-гітара), Леанід Паўлёнак (барабаны), а таксама запрошаныя госьці — сьпявачкі Паліна Рэспубліка і Марына Вярэніч, а таксама саксафаніст Аляксандар Арашкоў.

Дыск быў прэзэнтаваны на канцэрце ў клюбе TNT 24 лістапада. Набыць яго можна на канцэртах гурта або замовіць праз афіцыйную суполку.

Абраныя песьні з альбому

Tuzin.fm