Абвешчаныя намінанты восьмай прэміі Experty.by (аўдыё)
2329 / 0
10.03.2016

Абвешчаныя намінанты восьмай прэміі Experty.by (аўдыё)

Арганізатары музычных узнагародаў Experty.by абвесьцілі сьпіс 12 намінантаў сёлетняй прэміі. Пераможцы будуць названыя 16 сакавіка.

У ліку намінантаў разнастайныя прадстаўнікі сучаснай беларускай музычнай сцэны. Больш за ўсё рокераў: «Крамбамбуля», Re1ikt, Super Besse, NABR і Teleport. Акрамя таго ў сьпісе ёсьць індзі-гурты «Серебряная свадьба», «Кассиопея» і Hamlet His Highness, фольк-каманды Shuma, Kazalpin і Irdorath, а таксама аўтар-выканаўца Паліна Рэспубліка. Другі год запар намінанты названыя адзіным сьпісам, бяз згадкі назваў і колькасьці намінацыяў, у якіх яны заяўленыя.

Кіраўнік праекту Experty.by Зьміцер Безкаравайны кажа, што музычны год быў настолькі багатым на якасныя рэлізы, што ўсе вартыя ўвагі працы не змаглі зьмясьціцца ў намінанты. Напрыклад, ня трапілі ў топ-ліст альбомы Brutto, Зьмітра Вайцюшкевіча, Nizkiz, J:морс, Neuro Dubel і шмат хто яшчэ. «Але такая канкурэнцыя ідзе толькі на карысць беларускай музыцы», — лічыць экспэрт.

У галасаваньні бралі ўдзел 15 беларускіх музычных журналістаў, 5 замежных, а таксама актыўныя карыстальнікі сайту Experty.by. Цырымонія ўручэньня адбудзецца 16 сакавіка пры падтрымцы інтэрнэт-апэратару «Атлант Тэлекам».

З нагоды прэміі Experty.by-2016 падрыхтаваная адмысловая складанка, на якую патрапіла па адным трэку з кожнага намінаванага альбома. Спампаваць адным файлам (.zip) яе можна з сайту Experty.by. Сьпіс намінанаваных альбомаў з магчымасьцю праслухоўваньнятут.