Зьміцер Сасноўскі спраўляе 39 год (біяграфія!)
4700 / 0
22.11.2013

Зьміцер Сасноўскі спраўляе 39 год (біяграфія!)

22 лістапада нарадзіўся Зьміцер Сасноўскі — заснавальнік і лідэр гурта «Стары Ольса», дудар, калекцыянэр, дасьледчык.

Зьміцер Сасноўскі нарадзіўся 22 лістапада 1974 году ў Гомелі. Ён мае добрую адукацыю, скончыў гісторыка-юрыдычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1996), завочна вучыўся ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы па спэцыяльнасьці «філязофія» (1996—1997), стажыраваўся ў Мадрыдзкім каталіцкім унівэрсытэце (1998), прайшоў навучаньне ў Латвіі ў музычнага майстра Донатса Вуцыса (1998). Таксама стажыраваўся ў Польшчы (2004) і ЗША (2006). 

Працаваў рэдактарам «Школьнай газэты» (1991), старшынём Гомельскай маладзёвай арганізацыі «Талака» (1992—1994), кіраваў трэніровачным працэсам у Гомельскім аддзеле Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (1993—1994), выкладаў гісторыю філязофіі ў Полацкім дзяржаўным ўнівэрсытэце (1996—2000) і сусьветную мастацкую культуру ў СШ № 19 Гомелю (2000), у 2001—2009 гг. — загадчык інфармацыйнага аддзелу Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», арт-дырэктар турыстычнага агенцтва «Гісторыя-тур» (2009). 

Музычную кар’еру пачаў у 1998 годзе. Заклаў уласную калекцыю старых музычных інструмэнтаў (частка падаравана Полацкаму краязнаўчаму музэю). У той жа час пачаў рэстаўраваць старыя інструмэнты і вырабляць уласныя. Ладзіў ды ўдзельнічаў у шматлікіх этнаграфічных экспедыцыях па Беларусі, Расеі, Латвіі. Стаў ляўрэатам конкурсу выканаўцаў на народных інструмэнтах міжнароднага фальклорнага фэстывалю ў Паставах (1999). У 1999 годзе стварыў гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» зь якім запісаў 10 дыскаў.

З 2001 выступае як прадусар і арганізатар культурных акцыяў. Прадусар гастрольнага туру «Рок за перамены» (2001), ад 2006 году прадусар міжнароднага фэстывалю «Дударскі фэст», кіраўнік штогадовай міжнароднай канфэрэнцыі «Захаваньне дударскай традыцыі ва Ўсходняй Эўропе», адміністратар Дударскага клюбу (2007—2009), прадусар фольк-рок гурта LitvinTroll (2008), прадусар штогадовых Калядных фэстываляў. Сябра аргкамітэту «Гальшанскага фэсту».

Як дасьледчык — аўтар дзясяткаў публікацыяў і чатырох кніг — «Гісторыя беларускіх музычных уплываў» (2009), «Музычная культура рыцарскага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага»(2010), «Гісторыя беларускай музычнай культуры ад першабытнасьці да канца XVIII ст.» (2010), «Гісторыя беларускай музычнай культуры XIXXX стст.» (2012).

Як рэжысэр зьняў дакумэнтальны фільм «Старыя інструмэнты Беларусі» (2007), а таксама шэраг кліпаў для гуртоў LitvinTroll, Esprit і «Стары Ольса». З 2009 году займаецца таксама калекцыянаваньнем рэтра-аўтамабіляў, прэс-сакратар Таварыства рэтра-транспарта. Майстра па пабудове камінаў. Жанаты. Мае двое дзяцей.

Пажаданьне ад Tuzin.fm Зьмітру — надалей папаўняць сваю багатую біяграфію, каб яна не зьмясьцілася і на 100 старонках!

Tuzin.fm