«Гэпі-мэтал рок бяз патасу». Гурт «Апотом» нагадаў пра сябе (прэм’ера тызэру)
2496 / 0
19.06.2016

«Гэпі-мэтал рок бяз патасу». Гурт «Апотом» нагадаў пра сябе (прэм’ера тызэру)

Гурт «Апотом» прэзэнтуе на Tuzin.fm тызэр песьні «Пiнокiё» з новага альбому, над якім вядзецца праца.

Гісторыя ў гэтага твору доўгая і няпростая. Музыку да яе напісаў удзельнік гурту «Апотом» Слава Прастакоў у 1995 годзе для першага альбому каманды. «Забойны рыф, нічога падобнага мы яшчэ ня гралі і не стваралі — гэта зачапіла ўсіх, таму што мы тады накідваліся на новыя стылі, як галодныя», — згадвае лідэр «Апотом» Кірыл Папакуль. У 2000-м годзе Слава раптоўна зьнік і спробы яго знайсьці не далі ніякага выніку. У 2014-м музыкі дазналіся, што іх былога паплечніка ўжо няма ў жывых. Менавіта з запісу гэтай песьні «Апотом» вырашылі распачаць працу над сваім трэцім студыйным альбомам. Тызэр вырашылі паказаць 19 чэрвеня — менавіта ў гэты дзень у Прастакова дзень народзінаў. Удзельнікі «Апотом» таксама спадзяюцца, што сваякі Славы адгукнуцца, каб перадаць ім усе аўтарскія правы на гэты твор.

У запісе «Пiнокiё» ўзялі ўдзел гітарыст гурта «Петля пристрастия» Іван Селішчаў і лідэр праекту «Ў нескладовае» Раман Арлоў. «Хлопцы граюць менавіта тое, чаго дужа бракуе цяперашняй беларускай сцэне — разумны, разнастайны, іранічны гэпі-мэтал рок. І гэта пры поўнай адсутнасьці нездаровага патасу, які, на жаль, сустракацца ў беларускіх рокераў часьцей, чым гэтага хацелася б, прынамсі, асабіста мне. Гумар, шчырасьць, самаіронія — гэта тое што ў Папакуля і кампаніі ў крыві», — зазначае Раман Арлоў.

«Апотом» — музычны праект Кірыла Папакуля, кіна- і тэлерэжысэра, удзельніка зорнага складу каманды КВК БДУ. Праект мае статус віртуальнага і пра сваё існаваньне нагадвае зрэдчас. Іх «Песьня сапраўднага каўбоя» перамагала ў сэзоне 2003—2004 на «Тузіне Гітоў». Трэці альбом «Апотом» ужо запісаны. Цяпер на краўдпляцоўцы Boomstarter ідзе збор сродкаў на яго зьвядзеньне і майстэрынг.

Сачыць за навінамі гурту можна праз Facebook, УКантакце і Instagram.

Tuzin.fm