
KaS. Беларускамоўны праект ад мэханіка Трактарнага завода (аўдыё)
Вакаліст і гітарыст Аляксандар Віскун прэзэнтуе на Tuzin.fm свой сольны праект.
KaS — гэта праект аднаго чалавека. Аляксандар Віскун быў лідэрам расейскамоўнага мэтал-гурту Deadly Carrion (ex- Morbid Victory), які выдаў альбом на лэйбле ў Новасыбірcку і пэўны час досыць актыўна выступаў. Летась Аляксандар вырашыў заснаваць сольны праект у стылі фольк-рок. Песьні пішуцца ў яго па-беларуску. «Па-сутнасьці гэта сыгналы з космасу, інтэрпрэтаваныя ў музычныя творы на роднай мове, якія ствараюць асаблівую атмасфэру і маюць пэўны пасыл: каб па жыцьці не было самотна, каб знаходзіліся прыемныя словы для блізкіх і каханых, каб памятаць каму і за што казаць „дзякуй“, і ведаць, што разам мы можам ўсё», — так прадстаўляе сваю творчасьць парталу Tuzin.fm сам Аляксандар. Музыка працуе на Менскім трактарным заводзе, дзе яго цэняць, як добрага спэцыяліста.
Праект KaS мае ўжо шэсьць запісаных трэкаў, некаторыя зь іх ужо гучаць на радыё. Калі твораў набярэцца на цэлы альбом, Аляксандар мяркуе набраць гурт, каб выступаць ужывую.
Сачыць на навінамі выканаўцы можна праз афіцыйную суполку.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ