Botanic project заклікае калегаў-музыкаў праявіць салідарнасьць
1878 / 0
20.02.2017

Botanic project заклікае калегаў-музыкаў праявіць салідарнасьць

Музыкі вядучага рэгі-гурту краіны заклікаюць падпісаць калектыўны ліст у абарону свайго вакаліста Кліма Малажавага, якога асудзілі да 9 гадоў строгага рэжыму.

У рэдакцыю Tuzin.fm зьвярнуўся вакаліст Botanic project Андрэй Багамолаў, які па просьбе адваката свайго сябры Кліма Малажавага, складае калектыўны ліст ад артыстаў і гуртоў з просьбай аб літасьці суду пры вынясеньні прысуду. «Ёсьць шанец зрабіць так, каб Клім выйшаў раней за 9 гадоў, дзеля гэтага мы падаем апэляцыі ў вышэйстаячыя інстанцыі, — кажа Андрэй. — Абласны суд пакінуў прысуд бязь зьменаў, цяпер абскарджваем у Вярхоўным судзе, дзе можа дапамагчы ў тым ліку і гэты ліст ад беларускіх музыкаў». Фармальна гэты дакумэнт ня мае юрыдычнай сілы, але суд можа яго прыняць да ведама, як характарыстыку асобы, як сьцьвярджае адвакат музыкі. Шаблёну запаўненьня як такога няма. Ліст мае быць напісаны адвольна, сваімі словамі. Андрэй паказвае прыблізны прыклад, як гэта можа выглядаць:

«Я (мы), артыст (імя прозьвішча або гурт, клюб, арганізацыя), (горад) даведаліся пра тое (стала вядома, скрайне зьдзіўленыя, шакаваныя, выказваем вялікую заклапочанасьць), што саліст гурту Botanic project Клім Малажавы быў асуджаны да 9 гадоў строгага рэжыму па арт. 328 ч. 3. Ведаем Кліма, як таленавітага музыку (паэта, арганізатара канцэртаў, удзельніка дабрачынных фэстываляў). Неаднойчы супрацоўнічалі (бралі ўдзел у запісе, гралі на адной сцэне…)  з Клімам (прыклады супрацы, назвы канцэртаў і фэстаў). З улікам унёску Кліма ў разьвіцьцё музычнай культуры Беларусі (разьвіцьці дабрачыннага фэстывальнага руху, творчыя заслугі…) просім суд выказаць літасьць пры вынясеньні прысуду пры паўторных пераглядах справы ў вышэйшых інстанцыях. Імя, прозьвішча, подпіс (імёны, прозьвішчы і подпісы ўдзельнікаў гурту)».

Ліст можа выправіць у звычайнай капэрце па адрасе 222310, Менская вобл., г. Маладэчна, вул. Багдана Хмяльніцкага, д.36, кв.15, Багамолаву Андрэю Аляксандравічу. Пажадана цягам двух тыдняў.

Яшчэ: Малажаваму далі 9 гадоў калёніі, Гарачаму — 3 гады хіміі

Tuzin.fm, фота з афіцыйнай суполкі гурту