Хаўрус беларускага тэхна і нямецкай паэзіі. Улад напісаў музыку для Норы (аўдыё)
Супольны альбом нямецка-швайцарскай паэткі Норы Гомрынгер ды беларускага электроннага музыкі Ўладзіслава Бубена «Die Insel» («Востраў») пабачыў сьвет на на нямецкім лэйбле Phonocake.
Уладзіслаў Бубен у новым нямецкамоўным праекце спалучыў экспэрымэнтальную электроніку са своеасаблівым артыстычным чытаньнем Норы Гомрынгер. Гэта нямецкая паэтычная славутасьць — яна выдала ўжо сем зборнікаў паэзіі, мае шэраг літаратурных прэміяў, кіруе міжанароднай арт-рэзыдэнцыяй. «Я праслухаў шмат супольных працаў Норы з музыкамі Нямеччыны і Швайцарыі і зрабіў значна болей жорсткую музыку. Мне падаецца, што тэхна-рытмы як мага падыходзяць пад яе вершы», — адзначыў у камэнтары для Tuzin.fm Улад Бубен і падкрэсьліў, што праект гэты пачаўся не з прафэсійнага, а з пэрсанальнага знаёмства. Таму працаваць было лёгка і прыемна.
Некалькі трэкаў з гэтага праекту ўжо прагучалі летась, на прэзэнтацыі зборніка паэзіі Норы Гомрынгер «(З)начныя дасьледаваньні», перакладзенай на беларускую мову Вольгай Гапеевай ды Ірынай Герасімовіч. Не выключана, што сёлета пройдзе і асобная прэм’ера альбому.
Прапануем да ўвагі цэнтральны трэк з рэлізу. Спампаваць альбом можна на сайце нямецкага лэйблу Phonocake цалкам бясплатна.
Tuzin.fm, фота Леаніда Нарушэвіча
КАМЕНТАВАЦЬ