3688 / 7
21.12.2013

Расейцы прызналі беларусаў за найлепшых (рэйтынг Afisha.ru)

Тры гурты зь Беларусі трапілі ў сьпіс 25 найлепшых расейскіх альбомаў году па вэрсіі сайту Afisha.ru.

Вынікі году па вэрсіі аўтарытэтнага сеціўнага выданьня можна прызнаць сэнсацыйнымі, у тым пляне, што адразу тры выканаўцы зь Беларусі трапілі ў топ-12 найлепшых расейскіх альбомаў. Адзін зь іх заняў першае месца.

Макс Корж з альбомам «Жить в кайф» заняў у рэйтынгу 11-е месца, апярэдзіўшы, напрыклад, гонар расейскай эўрапейскай музыкі Tesla Boy, куміра падлеткаў Noize MC ды шалёна папулярнага рэпэра Oxxxymiron. 7-е месца ў рэйтынгу заняў альбом «Pt» праекту музычнага экспэрымэнтатара Антона Крывулі «Мох», а на першае месца пастаўлены рэліз «Фобос» гурта зь Менску «Петля пристрастия».

Варта зазначыць таксама, што ў топ-25 ёсьць яшчэ два выканаўцы, якія паходзяць зь Беларусі. Антон Севідаў з гурта Tesla Boy (21-ае месца) нарадзіўся ў Менску,  а лідэр піцерскага праекту Chikiss (10-ае месца) Галя Чыкіс зь Віцебску. 

Вынікі падвёў галоўны рэдактар часопіса «Афіша» Аляксандар Гарбачоў, які мае пэўны сэнтымэнт да расейскамоўнай музыкі зь Беларусі. Такі погляд можа сьведчыць пра тое, што патэнцыял у беларусаў багаты. Толькі працуюць яны на чужую культуру.

Поўны рэйтынг можна зірнуць тут.

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    21.12.2013 / 02:18

    Пытаньне да грамады: ці захапляцца/ганарыцца/раіць/прасоўваць расейскамоўную музыку, зробленую ў Беларусі. І ці ўключаць яе ў беларускі культурны кантэкст?

  • Anton Ruloŭ
    Anton Ruloŭ / адказаць
    21.12.2013 / 16:41

    канешне, уключаць. самі ж выпіхваеце беларускую музыку ў расейскі культурны кантэкст. прабачце, але нідзе так не чуваць настрою сучаснага Менска, як на плыце "Петлі прістрастія". гэта на 100% беларуская культура

  • павел спиртуоз
    павел спиртуоз / адказаць
    21.12.2013 / 13:17

    уключаць!

  • bulbanik / адказаць
    21.12.2013 / 13:33

    напэўна, найбольш палемічнае пытанне, якое можна было б задаць на прасторах дадзенага партала.
    у ім не было і не будзе дакладнага адказа, бо ці далучаць расейскамоўную музыку да беларускай залежыць ад успрымання выканаўцам сваёй ідэнтычнасці. калі гэта выключна камерцыйны праект, арыентаваны на экспарт без нават самай маленькай долі беларускасці, то, вядома, ж не варта атаясамліваць гэта з беларускай музыкай.
    а што рабіць, калі беларускі выканаўца выпускае альбом, у якім ёсць песні і на расейскай, і на беларускай мовах? разбіваць альбом на дзве часткі?
    канцэрт гурта ili-ili, на якім музыкі і размаўляюць, і спяваюць песні на абедзвух мовах. дык не варта ж казаць, што вось гэта песня беларуская, а гэтая - не. у гурта naka тое ж самае. зусім нядаўна гурт nevma выдаў цалкам расейскамоўны альбом "12", хаця раней музыкі спявалі і па-беларуску. дык які тады альбом "12"? беларускі ці не? рытарычнае пытанне.
    дадзеная праблема - бясконцая прастора для дыскусіі, у большасці сваёй безвыніковай дыскусіі, бо ўсё залежыць ад уласнага ўспрымання слухача, у якога можа быць усталяваны фільтр беларускамоўнасці, а можа і не быць, і ад уласнага пазіцыянавання выканаўцы.

  • bulbanik / адказаць
    21.12.2013 / 13:34

    даеш галасаванне на дадзеную тэму на галоўнай старонцы партала!

  • bulbanik / адказаць
    21.12.2013 / 13:40

    дарэчы, пытанне кшталту "ці варта лічыць беларускай літаратурай тое, што напісана па-расейску?" са святланай алексіевіч у галоўнай ролі:)
    вось яшчэ пытанне. вільня, безліч беларусаў на сімэнс-арэне. прэзентацыя першага цалкам беларускамоўнага альбома найвядомага гурта. і самымі першымі словамі самай першай песні ў іх выкананні былі наступныя: "величие момента прочувствует россия, спустился с постамента божественный мессия". трэцім словам іх выступу на сцэне было слова "расія". ніякіх вітанняў па-беларуску. дык ці беларускі гэта гурт? напрыканцы канцэрт гурт з асаблівым імпэтам пазіцыянуе сабе па-расейску: "республика беларусь, город-герой минск, группа..."
    можна абмяркоўваць гэта бясконца, без знаходжання адзінага адказу

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    21.12.2013 / 17:23

    Гэта гумар такі, міхалкоўскі, пра "велічіе момента". Яго словы ня варта прымаць вось так ужо літаральна. Пачытайце нашу рэцэнзію на "Грай", там пра гэты момант ёсьць http://tuzin.fm/reviews/376/michalok-jak-zakladnik-ulasnaj-tvorchaj-kancepcyji.html

  • КАМЕНТАВАЦЬ